Штогод у пачатку зімы, калі пасля дажджоў слупок тэрмометра апускаецца ніжэй за нуль градусаў, рэзка ўзрастае колькасць зваротаў у лячэбныя ўстановы з прычыны атрымання траўм пры падзенні. Вось і сёлета зіма не паспела па-сапраўднаму ўступіць у свае правы, а ў Пастаўскую цэнтральную раённую бальніцу ўжо пачалі звяртацца пацыенты з галалёднымі траўмамі. Ну не прывыклі мы пакуль да таго, што на вуліцы можа быць слізка! Спяшаемся, не глядзім пад ногі, працягваем (гэта датычыць жанчын) насіць абутак на высокім абцасе. І як вынік — падаем.
— Асноўную масу галалёдных траўм складаюць удары і расцяжэнні каленных, галёнкаступнёвых і плечавых суставаў, — канстатуе загадчык хірургічнага аддзялення ЦРБ Яраслаў Андрушкевіч. — Але шмат і пераломаў, часцей за ўсё — верхніх канечнасцей. Самы распаўсюджаны пералом — прамянёвай косці ў тыповым месцы. Ён можа быць са зрушэннем або без яго. Даволі часта сустракаюцца вывіхі плечавой косці. Гэтыя траўмы чалавек атрымлівае, калі, падаючы, інстынктыўна спрабуе абаперціся на рукі. Хапае таксама пераломаў ног. Часам пры падзенні траўміруецца галава. Калі на ёй цёплая шапка, звычайна ўсё заканчваецца страсеннем мазгоў. Калі ж чалавек без шапкі, да страсення дадаецца ўдараная рана.
Безумоўна, не з усімі галалёднымі траўмамі неабходна адразу звяртацца ў бальніцу. Гэта трэба рабіць у тым выпадку, калі наступае выражаны болевы сіндром, хутка нарастае ацёк, адсутнічае апорная функцыя канечнасці. Калі ж утварылася невялікая прыпухласць ці кровападцёк, можна лячыцца самастойна: прыкласці да ўдаранага месца нешта халоднае, нанесці супрацьзапаленчую мазь, забінтаваць эластычным бінтам.
Падчас гутаркі Яраслаў Іванавіч даў і рэкамендацыі, як пазбегнуць галалёдных траўм і правільна падаць, каб яны не былі цяжкімі. Так, хадзіць лепш па краях тратуара — там не так слізка. Нельга засоўваць рукі ў кішэні. Развядзіце іх крыху ў бакі — гэта дапаможа ўтрымаць раўнавагу. У галаледзіцу ісці пажадана як мага павольней, дробнымі крокамі, як бы слізгаць. Пры гэтым галаву трэба ўцягнуць у плечы, локці прыціснуць да бакоў, ногі крыху сагнуць. Неабходна звярнуць увагу і на зімовы абутак. Ён павінен быць без абцасаў, на рыфлёнай падэшве. На падэшву можна наклеіць палоскі ізаляцыйнай стужкі або лейкапластыру.
— Падчас падзення не выцягвайце рукі ўперад, — раіць доктар. — Распаўсюджанай памылкай з’яўляецца рэкамендацыя расслабіцца пры падзенні. Шанц атрымаць пералом у расслабленым стане ўзрастае, таму што сіла ўдару прыпадае на косці. Наадварот, трэба згрупіравацца, і падаць лепш за ўсё на бок. Пры падзенні на спіну прыцісніце падбародак да грудзей, а рукі раскіньце. Калі ж вы падаеце са слізкай лесвіцы, пастарайцеся прыкрыць галаву і твар рукамі. Не спрабуйце затармазіць падзенне, раскідваючы рукі і ногі, — гэта толькі павялічыць колькасць пераломаў. Упаўшы, не спяшайцеся ўставаць. Прыўзніміце галаву, паварушыце нагамі і рукамі. Уставаць можна толькі ў тым выпадку, калі няма вострага болю.
Алена Шапавалава