У пачатку чэрвеня Паставы будуць прымаць удзельнікаў спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу». Пра падрыхтоўку да маштабнага рэспубліканскага форуму расказаў начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі.
— Плануецца грандыёзнае свята, на якім будзе магчымасць паспрабаваць сябе ў тым ці іншым відзе спорту, пазнаёміцца з вядомымі спартсменамі, узяць у іх аўтограф. Праграма рыхтуецца насычаная. Цэнтральнай пляцоўкай правядзення мерапрыемстваў стане гарадскі стадыён. Таму, каб годна прыняць гасцей спартыўна-культурнага свята, запланавана шмат работ на гэтым аб’екце. Федэрацыяй футбола Беларусі закуплена аснова пад штучнае пакрыццё. Вясной яно будзе ўкладзена. Цяпер вядзецца дэмантаж крэслаў з трыбун. Трыбуны адрамантуем і ўстановім новыя сядзенні. Заменім бегавыя дарожкі.
Трэба добраўпарадкаваць пад’езд да стадыёна. Ён будзе пашыраны і заасфальтаваны. Работнікі УП ЖКГ ужо цяпер выразаюць кусты, чысцяць вадаём, які знаходзіцца справа ад дарогі з вуліцы Савецкай да ФАКа. Абуладкуем стаянку для транспарту, заменім электраслупы, зманціруем новае асвятленне. Абновім і сам будынак фізкультурна-аздараўленчага комплексу, зробім касметычны рамонт унутры памяшкання.
«Вытокі» — вельмі папулярны фестываль. Яго арганізатарамі з’яўляюцца Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і іншыя зацікаўленыя арганізацыі. Ён аб’ядноўвае людзей розных інтарэсаў і ўзростаў. Мэта фестывалю — прапаганда здаровага ладу жыцця і спорту. На Пастаўшчыне шмат аматараў розных відаў спорту. Ніколі не пустуе наш ФАК, хапае наведвальнікаў басейна. Запатрабаваны ў гараджан новы стадыён СШ №1. Таму ўпэўнены, што гледачоў на «Вытоках» будзе нямала.
Паралельна са спартыўнымі мерапрыемствамі будуць праводзіцца творчыя конкурсы, прыедуць папулярныя артысты беларускай эстрады. Кожны, хто завітае на свята, пачэрпне для сябе нешта карыснае.
Анна Анішкевіч