В ОДРОЦ «Ветразь» подвели итоги двухлетней реализации совместной с фондом «Шанс» программы «Радость движения»

Важное Здравоохранение

На мінулым тыдні ў АДРАЦ «Ветразь» падвялі вынікі двухгадовай рэалізацыі праграмы «Радасць руху: дапамога дзецям з ДЦП і іншымі парушэннямі апорна-рухальнага апарату», ініцыятарам якой быў Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям «Шанц». У актавай зале рэабілітацыйнага аздараўленчага цэнтра сабраліся прадстаўнікі фонду і яго асноўнага данатара — ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, кіраўніцтва раёна і Пастаўскай ЦРБ, урачы, медсёстры, педагогі «Ветразя».

В ОДРОЦ «Ветразь» подвели итоги двухлетней реализации совместной с фондом «Шанс» программы «Радость движения»

Даюць шанц вярнуць здароўе

Мерапрыемства праходзіла ў форме круглага стала, вёў які галоўны ўрач цэнтра Сяргей Петухоў. Перш чым гаварыць пра вынікі, ён папрасіў дырэктара фонду «Шанц» Наталлю Маханько расказаць, чым займаецца яе арганізацыя, якія праграмы рэалізуе, як з’явілася ідэя «Радасці руху» і чаму менавіта «Ветразь» быў выбраны партнёрам у рэалізацыі названай граграмы.

Наталля Аляксандраўна адзначыла, што фонд быў створаны ў 2008 годзе прыватнымі асобамі з мэтай дапамогі баць­кам цяжкахворых дзяцей у аплаце дарагога лячэння і рэабілітацыі, у тым ліку за мяжой. Для гэтага ён стаў наладжваць кантакты з вядучымі навукова-практычнымі цэнтрамі рэспублікі і шукаць спонсараў. Паступова адрасная дапамога перарасла ў праграмную дзейнасць. У 2013 годзе «Шанц» падпісаў Пагадненне аб супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і пачаў рэалізоўваць у яго рамках розныя праграмы. Вялікі ўдзел у гэтым прымае ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь». Кампанія не толькі фінансуе набыццё абсталявання для медыцынскіх устаноў, але і аплачвае індывідуальнае лячэнне дзяцей, іх абследаванне.

Адным з яркіх прыкладаў работы фонду стала рэалізацыя праграмы па раннім выяўленні парушэнняў слыху ў дзяцей. У яе рамках «Шанц» аснасціў усе раённыя і абласныя бальніцы і паліклінікі рэспублікі адпаведным абсталяваннем, дзякуючы чаму аперацыі па ўстаноўцы слыхавых імплантаў пачалі ра­біць малым ва ўзросце да 1 года (да гэтага яны праводзіліся ў 3—5 гадоў). Таксама фонд набыў абсталяванне для правядзення ўнікальных аперацый дзецям, хворым на эпілепсію, якіх раней аперыравалі ў Германіі. Дапамог маленькім беларусам з рэўматоідным артрытам і анкалагічнымі захворваннямі, на працягу некалькіх гадоў аплачвае генетычныя даследаванні (каля сотні за год), якія не праводзяцца ў Беларусі.

В ОДРОЦ «Ветразь» подвели итоги двухлетней реализации совместной с фондом «Шанс» программы «Радость движения»

Што да праграмы «Радасць руху», то, па словах Наталлі Маханько, да яе супрацоўнікі фонду ішлі не адзін год, вырашыўшы падысці да рэалізацыі комплексна. Праграма прадугледжвае тры этапы: раннюю дыягностыку, рэабілітацыю і сацыялізацыю. Апошні заключаецца ў тым, каб даць дзецям магчымасць атрымаць адукацыю і ўладкавацца на работу. У адрозненне ад двух першых ён пакуль не рэалізаваны.

— Да нас звярталася вельмі шмат бацькоў дзетак з дзіцячым цэрэбральным паралічам і іншымі парушэннямі апорна-рухальнага апарату, — расказвала кіраўнік фонду «Шанц». — Яны перыядычна праходзілі рэабілітацыю ва ўстановах аховы здароўя рэспублікі па дзяржаўных праграмах і, акрамя таго, шукалі дадатковыя магчымасці яе праходжання. Некаторы час мы аплачвалі лячэнне такіх дзяцей у «Трускаўцы» ва Украіне. Пры гэтым разумелі, што і ў Беларусі ёсць добрая база і ўсё можна было б арганізаваць дома. Калі выбіралі ўстанову для рэалізацыі праекта, для нас былі вельмі важныя зацікаўленасць яе кіраўніцтва і супрацоўнікаў у выніках работы, іх комплексны падыход да рэабілітацыі. Гэта знайшлі ў «Ветразі». Працаваць з цэнтрам было лёгка і прыемна, на працягу ўсяго часу ў нас не ўзнікла непаразумення ні па адным пытанні.

Унікальныя комплексы і выдатныя вынікі

Тое, што ідэя фонду лягла на спрыяльную глебу, пацвердзіў галоўны ўрач АДРАЦ «Ветразь» Сяргей Петухоў. Ён адзначыў, што ўстанова была маральна, у матэрыяльна-тэхнічным плане і ў плане навыкаў спецыялістаў гатовая да такой работы. З 2017 года яна пачала перафармаціраваць сваю дзейнасць.

Тады, улічваючы рост колькасці дзяцей з інваліднасцю, арганічнымі пашкоджаннямі цэнтральнай нервовай сістэмы і павелічэнне сацыяльнага запыту на іх рэабілітацыю, мы зразумелі, што, маючы кваліфікаваны персанал, зацікаўленых урачоў, можам пачаць работу з той катэгорыяй непаўналетніх, з якой іншыя аздараўленчыя арганізацыі не здольныя працаваць. І сталі гэта рабіць. Ну а калі атрымалі прапанову аб супрацоўніцтве ад фонду «Шанц», тут, як кажуць, нашы інтарэсы сышліся, — сказаў Сяргей Юрыевіч.

Сумесна з фондам «Ветразь» распрацаваў унікальную праграму рэабілітацыі, базавы варыянт якой грунтуецца на пратаколах Міністэрства аховы здароўя. Да іх дадалі шэраг іншых працэдур і найноўшыя тэхналогіі, якія толькі пачалі ўкараняцца, у многім стаўшы першапраходцамі.

Праект стартаваў у снежні 2022 года. З таго часу адрасную дапамогу ў яго рамках атрымалі 56 дзяцей. Фонд «Шанц» аплаціў іх комплекснае рэабілітацыйнае лячэнне ў «Ветразі», а таксама пражыванне і харчаванне асоб, якія іх суправаджалі. Агульная сума выдаткаў склала амаль 150 тысяч рублёў. Многія дзеці прайшлі курс рэабілітацыі паўторна, і ў многіх вельмі добры прагрэс у плане паляпшэння здароўя. За кошт спонсарскіх сродкаў фонд набыў інавацыйнае рэабілітацыйнае абсталяванне для цэнтра на суму больш за 950 тысяч рублёў. Гэта імітатар крокавай падэшвеннай нагрузкі «Карвіт», бегавая дарожка з біялагічнай зваротнай сувяззю «РэаТэра», рабатызаваныя комплексы для аднаўлення буйной маторыкі рук і ног Luna і маторыкі пальцаў рук Amadeo.

— «Карвіт» дапамагае фарміраваць рэфлексы хадзьбы ў дзяцей, якія хадзіць не ўмеюць, — расказваў Сяргей Петухоў. — Такіх імітатараў у Беларусі ўсяго 5-6, і два першыя набыў «Ветразь», адзін з якіх — самастойна. Пасля гэтага да нас прыязджала дырэктар расійскага Цэнтра авіякасмічнай медыцыны Ірына Саенка. Яна навучыла персанал працаваць з комплексам, і магу з упэўненасцю сказаць, што падрыхтоўку на такім узроўні ў рэспубліцы прайшлі толькі нашы работнікі. Сёння методыка эфектыўна выкарыстоўваецца ў дачыненні не толькі да дзяцей, але і да дарослых пасля інсультаў і траўматалагічных аперацый.

Разам з «Карвітам» выкарыстоўваецца бегавая дарожка «РэаТэра». Дзякуючы ім у «Ветразі» паставілі на ногі ўжо не аднаго інваліда-калясачніка, адкрыўшы летась кабінет рэабілітацыі рухальных здольнасцей ніжніх канечнасцей. Сёлета тут адкрыўся кабінет рабатызаваных тэхналогій і рэабілітацыі, укамплектаваны не менш унікальнымі комплексамі Luna і Amadeo, якія таксама даюць выдатныя вынікі ў развіцці маторыкі маленькіх пацыентаў.

— У будучым мы хочам стварыць у «Ветразі» ўмовы для навучання асвоеным намі методыкам спецыялістаў з іншых рэабілітацыйных цэнтраў рэспублікі. Ужо зараз да нас прыязджаюць па абмене вопытам калегі з розных абласцей. Таксама будзем укараняць гідрарэабілітацыю, таму што лячэбнае плаванне вельмі важнае для дзяцей з артапедычнай паталогіяй і скаліёзамі, якіх вялікая колькасць, — падзяліўся планамі Сяргей Юрыевіч.

Ён падзякаваў Наталлі Маханько і прадстаўнікам ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» за супрацоўніцтва, адзначыўшы, што выбар «Ветразя» ў якасці партнёра быў для цэнтра высокай адзнакай.

Сваімі ўражаннямі ад работы на інавацыйным абсталяванні падзялілася ўрач-рэабілітолаг, загадчыца траўматолага-артапедычнага аддзялення Іна Пода. Са словамі ўдзячнасці за дасягнутыя вынікі ў рэабілітацыі хворых дзетак да ўсіх удзельнікаў праграмы «Радасць руху» звярнуліся галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі медыцынскай дапамогі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Ірына Міхеенка і намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Як падкрэсліў Станіслаў Уладзіміравіч, калі паставіць перад сабой мэту і ўпарта ісці да яе, заўсёды знойдуцца магчымасці рэалізаваць задуманае. Так працуе АДРАЦ «Ветразь». Ён пастаянна развіваецца, удасканальвае сваю матэрыяльна-тэхнічную базу і павышае кваліфікацыю спецыялістаў.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.