Якое ўсё-такі непрадказальнае жыццё! Ірына вырасла ў Беларусі, Іван — ва Украіне, а ў адну дарогу лёс звёў іх у Карэліі. Па ёй яны крочаць разам 61-ы год.
У лістападзе Іван Іванавіч і Ірына Піліпаўна Гарблянскія з Варапаева адзначылі брыльянтавае вяселле. Вялікай урачыстасці не ладзілі, але з радасцю сустракалі самых родных, было шмат успамінаў.
У 1948 годзе сям’ю Гарблянскіх перасялілі ў Казахстан. Адтуль Івана прызвалі на тэрміновую службу ў Карэлію, дзе ён застаўся і на звыштэрміновую. Ірына прыехала туды на заробкі, а потым паступіла ў Петразаводскае гандлёва-кулінарнае вучылішча. Ну хіба мог бравы фатограф воінскай часці Ваня Гарблянскі не закахацца ў маладзенькую прыгажуню? Дзяўчына не адразу адказала ўзаемнасцю, ды і яе бацькам будучы зяць не спадабаўся.
— А вось свякроў, наадварот, прыняла мяне як дачку, — успамінала Ірына Піліпаўна. — І я ёй вельмі даражыла, называла мамай. Мы жылі адной сям’ёй, душа ў душу. Яна і памерла на маіх руках. Шкада, яшчэ даволі маладая была, усяго 58 гадоў…
У Петразаводску маладая сям’я пражыла тры гады і пераехала ў Беларусь. Такое рашэнне муж і жонка прынялі з-за Іванавай маці: карэльскі клімат шкодзіў яе здароўю. Спачатку пасяліліся побач з Ірынінымі бацькамі ў Шаркаўшчынскім раёне, а праз некалькі месяцаў пераехалі ў Варапаева, дзе жыў родны брат Ірыны. Абое працавалі на дрэваапрацоўчым камбінаце, пазней Іван перайшоў у пажарную часць, а Ірына — поварам у рабочую сталовую.
— Работа пажарніка мяне задавальняла: дзяжурыў суткі праз трое. Меў час і на сваю гаспадарку, і дадаткова зарабіць, — расказваў чалавек. — Пабудаваў з цэглы сабе дом і яшчэ 22 — варапаеўцам. А Іра за зіму па 50 пар валёнак вырабляла, я дапамагаў ёй у гэтым. Валёнкі прадавалі, каб мець лішні рубель.
Яшчэ і зараз яны трымаюць 10 пчоласем’яў, хаця гэта ўжо цяжка. У Івана Іванавіча пагоршыўся слых, яму цяжкавата рухацца. Ірына Піліпаўна на I групе інваліднасці па зроку. Спраўляцца з хатнімі справамі дапамагае сацыяльны работнік, якая прыходзіць на дзве гадзіны тры разы на тыдзень.
Але як жа эмацыянальна расказвала мне Піліпаўна пра сям’ю:
— З Ванем мы пражылі нялёгкае, але годнае жыццё. Ён не пакрыўдзіў мяне ніводным словам, не прыхаваў ні рубля, дапамагаў і дапамагае ва ўсіх хатніх справах. Стараўся, каб усім былі забяспечаныя нашы сын і дачка. Зараз клапоцімся пра ўнукаў і праўнукаў і з кожным годам усё больш даражым адно другім.
У Гарблянскіх пяцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў. Сын Іван і ўнук Дзіма працуюць у Польшчы, усе іншыя — у Беларусі. Дачка Таццяна ў свой час скончыла Беларускую сельгасакадэмію, не адзін дзясятак гадоў працуе заатэхнікам-селекцыянерам на Міншчыне. Прызнавалася найлепшай па прафесіі ў вобласці. Цікава, што ў сямейным клане ёсць нават егіпцянін. Муж унучкі Каці Ахмед аддаў перавагу Беларусі. Пара жыве ў Фаніпалі на Міншчыне. Нягледзячы на тое, што ў сям’і трое дзяцей, Каця завочна займаецца ў аспірантуры, а Ахмед заканчвае Мінскі медыцынскі каледж. Усё гэта вельмі радуе бабулю і дзядулю.
Не магу не сказаць і пра захапленне Ірыны Піліпаўны. У дзявоцтве ёй вельмі хацелася навучыцца граць на двухрадцы, але не было за што яе набыць. А калі выйшла замуж, муж купіў інструмент, і яна нават на вяселлях іграла.
— Мне гэта лёгка давалася. Толькі пачую мелодыю — адразу ж падхаплю яе, — расказвала жанчына. — Я і цяпер час ад часу бяру ў рукі двухрадку і найграю любімыя мелодыі, ведаю шмат песень.
А яшчэ Піліпаўна піша вершы. Вось і да 60-годдзя шлюбу склала, лічы, паэму, у якой узгадвае вехі жыцця са сваім абраннікам, апавядае пра жыццёвыя каштоўнасці, заклікае дзяцей і ўнукаў даражыць сямейнымі традыцыямі, часцей званіць і наведвацца.
Не сумняваюся ў тым, што наказ выконваецца.
Фаіна Касаткіна