У лістападзе Фаіне Піліпаўне Януш з в. Косаўшчына Варапаеўскага сельсавета споўнілася 90 гадоў. Дзень нараджэння прыпаў якраз на нядзелю, таму і адзначала юбілей менавіта ў гэты дзень. Даўно яе хата не бачыла так шмат гасцей! Хораша пасядзелі за сталом, паўспаміналі мінулае, паспявалі.
З песняй
У дзявоцтве Фаіна была заўзятай спявачкай і танцоркай. Ды і праз усё жыццё яна не развітваецца з песняй. Спявала не толькі дома, на бяседах, але і на клірасе рымкаўскай, а пазней — варапаеўскай цэркваў. Вельмі шкадуе, што навакольныя вёскі апусцелі і ў Рымках служба бывае толькі раз на год. У яе нават ёсць песня з такімі радкамі: «У зялёным садочку,/ У сяле на гарбочку/ Стаіць наша цэрква адна./ Званы тут не звоняць,/ Тут людзі не ходзяць,/ Тут Божае службы няма». Калі два гады назад заспявала яе ў храме, людзі плакалі.
І на юбілеі звінеў не па гадах малады яе голас: «Расцвела черёмуха,/ И с тобою об руку/ Шли вдвоём, любимый мой,/ Будто бы по облаку». Гэта і пра яе з Віктарам каханне.
Сям’я
Ужо 21 год, як Віктара няма на гэтым свеце.
— Яго не стала раптоўна, перад маім днём нараджэння, — узгадвае жанчына. — Ішоў паведаміць аднавяскоўцы, што памерла яе сваячка ў суседняй вёсцы, і ўпаў на вуліцы. Напэўна, адарваўся тромб… Мы пражылі з Віктарам у згодзе, хаця цяжкасцей хапала. Я працавала ў калгасе, ён — на чыгунцы. Трымалі вялікую хатнюю гаспадарку, гадавалі траіх дзяцей. Мне хацелася, каб яны былі адзетыя і абутыя не горш за іншых, таму прала, ткала, вязала, шыла, ставіла кросны. І дзеці выраслі працавітымі.
Старэйшая дачка Янушаў, Ліля, жыве ў Расіі, у горадзе Цвер. Яна атрымала дзве вышэйшыя адукацыі па спецыяльнасцях філолаг і псіхолаг. Ужо на пенсіі, але працягвае працаваць у дзіцячым садку. Людміла і Васілій — двайняты. Яна — фельчар-лабарант Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, ён працуе ў «Белтэлекаме» ў Паставах. Ва ўсіх ёсць сем’і.
Калі гаварыць пра ўнукаў Піліпаўны, якіх у яе шэсць (пяць дзяўчат і адзін хлопец), то сярод іх ёсць дызайнер, псіхолаг, праграміст, гандлёвы прадстаўнік, педагог і нават пісьменніца. Як бабулі не радавацца за трэцяе пакаленне? (Ужо ёсць і першая прадстаўніца чацвёртага — праўнучка Віка.) І як не параўноўваць іх дзяцінства і юнацтва са сваім?
Выпрабаванне вайной
Фаіне ішоў сёмы год, калі пачалася Вялікая Айчынная, таму яна памятае ўсе падзеі, што адбываліся ў тое ліхалецце.
— Мы жылі ў Барэйках, — расказвала мая суразмоўца. — Вельмі страшна было, калі наступалі немцы. Нашу вёску спалілі, а людзей пагналі на чыгуначную станцыю ў Варапаева, каб вывезці ў Германію. Па дарозе нашай сям’і ўдалося ўцячы ў лес. Стаяла глыбокая восень, было вельмі холадна. Як сёння, бачу, як мы брыдзём тым лесам. А куды прытуліцца, калі ўсё спалена? Тата загадаў нам чакаць, а сам пайшоў «у разведку» на адзін хутар. Неўзабаве з боку таго хутара раздаўся выстрал. «Бацька натрапіў на немцаў, і яго забілі! — загаласіла мама і пацягнула мяне за руку. — Пойдзем туды! Няхай расстраляюць і нас!» Бабуля ледзьве стрымала яе. А тата неўзабаве вярнуўся.
Пагарэльцаў прымалі на хутарах, якія ўцалелі. На кожным жыло па некалькі сем’яў. Ад голаду выратавала тое, што сяляне, прадбачачы нашэсце ворага, закапалі ў лесе такія-сякія запасы. У тым ліку і зерне, бульбу, якія вясной пасеялі.
У родным куточку
Зусім апусцела Косаўшчына, толькі ў трох хатах цепліцца жыццё. Дзеці хвалююцца за Фаіну Піліпаўну, угаворваюць яе пераехаць у горад. Калі не хоча жыць разам з імі, то ў Паставах пустуе даччыная кватэра з выгодамі.
— Што я там буду рабіць? — гаварыла мне Піліпаўна. — Я ў Люды ў Віцебску пасля аперацыі на вока ледзьве тыдзень прабыла. Не, пакуль ёсць сілы трымацца, адсюль — ні нагой. Паглядзіце, якая тут прастора!
І сапраўды, літаральна праз вуліцу як кінуць вокам роўнае засеянае поле, у агародзе — тры акуратныя парнікі, за ім плешчуцца воды Палавіцы. У агародчыку з ранняй вясны да позняй восені мноства кветак.
— Я лепш буракоў ці морквы менш пасаджу, а на кветкі месца не пашкадую, — гаварыла жанчына. — І даглядаць іх люблю. А з агароднінай упраўляюцца ў асноўным дзеці.
Асабліва часта прыязджае ў бацькоўскі дом з Пастаў сын з нявесткай. Дачцэ Людзе дабірацца з Віцебска больш складана, але пры любой магчымасці і яна наведваецца да маці. Яшчэ далей Ліля. Аднак яна мае два месяцы водпуску, і ўвесь гэты час праводзіць у Косаўшчыне. Даглядае агародніну, робіць нарыхтоўкі на зіму, атуляе клопатам маці.
— Але, і застаючыся адна, я не паддаюся суму, — прызналася юбілярка. — Прылашчу коціка, паназіраю за птушачкамі, палюбуюся кветкамі, пагляджу тэлевізар, прыгатую есці — і дзень праходзіць. А ў тое, што мне ўжо 90, зусім не верыцца…
І гэта цалкам адпавядае заключэнню вучоных пра тое, што пашпартны і біялагічны ўзросты чалавека не супадаюць. Вось вам і чарговае пацвярджэнне!
Фаіна Касаткіна
Фота з сямейнага архіва Фаіны Януш