У Ольги Каркоцкой есть инвалидность, но это не мешает ей работать в ТЦСОН

Общество

Інваліднасць — не прысуд. Гэты выраз чулі, напэўна, усе і неаднойчы. І ён цалкам адпавядае рэчаіснасці. Сёння ў Беларусі ў людзей з інваліднасцю ёсць маса магчымасцей не замыкацца ў чатырох сценах, пагрузіўшыся ў свае праблемы, а жыць паўнавартасным жыццём, уносіць пасільны ўклад у эканоміку краіны.

Зараз на Пастаўшчыне пражываюць 122 інваліды першай групы, 346 — другой і 298 — трэцяй. З іх працоўныя рэкамендацыі маюць 9 чалавек з другой групай інваліднасці і ўсе — з трэцяй, працаўладкаваны адпаведна 9 і 155. Двое інвалідаў трэцяй групы працуюць у аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі ТЦСАН. Гэта інструктар па працоўнай тэрапіі Ганна Протас і псіхолаг Лізавета Худзякова. Акрамя таго, з мая бягучага года на адаптацыі ў гэтым аддзяленні знаходзіцца жыхарка райцэнтра Вольга Каркоцкая, якая навучаецца прафесіі спецыяліста па сацыяльнай рабоце. З ёй і сустрэ­лася карэспандэнт «ПК».

Па адукацыі Вольга Мар’янаўна паштовы работнік, 10 гадоў аддала цэнтральнаму аддзяленню паштовай сувязі. Затым вырашыла змяніць сферу дзейнасці і ўладкавалася ў ХоумКрэдытБанк. Адтуль перайшла ў ЦБП №217 ААТ «Белаграпрамбанк». Была спецыялістам па абслугоўванні фізічных асоб: выдавала банкаўскія карткі, афармляла крэдыты. Займалася б гэтым і далей, калі б не кавід.

У Ольги Каркоцкой есть инвалидность, но это не мешает ей работать в ТЦСОН

— Я даўно маю захворванне лёгкіх, — расказвала жанчына. — Яно не прагрэсіравала, пакуль не пачаўся каранавірус. Пасля таго як перахварэла на яго, узніклі ўскладненні, даводзілася часта хадзіць на бальнічны. Бальнічных было так шмат, што спачатку мне далі трэцюю групу інваліднасці, а затым — другую. Два гады я нідзе не працавала, сядзела дома. І гэта вельмі гняло, таму што па натуры я зусім не дамашні чалавек. Вельмі рада, што ўпраўленне па працы прапанавала мне навучанне ў ТЦСАН.

Зараз Вольга Каркоцкая займаецца індывідуальнымі праграмамі рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усяго раёна, якія складае медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія (МРЭК). Рэгіструе іх, збірае пэўны пакет дакументаў, абследуе бытавыя ўмовы людзей з інваліднасцю і расказвае ім пра меры сацыяльнай падтрымкі, пры неабходнасці кансультуе. Акрамя таго, заносіць у агульную базу ТЦСАН усе асноўныя звесткі пра такіх асоб. Асвоіць нюансы новай прафесіі ёй дапамагае спецыяліст са шматгадовым стажам Ала Мураўская, да якой можна звярнуцца па любым пытанні.

— Вольга Мар’янаўна для нас — сапраўдная знаходка, — гаварыла загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Наталія Янковіч. — Нам не прыйшлося доўга ўводзіць яе ў курс справы. Яна адразу сарыентавалася ў базе, хутка прайшла навучанне і ўключылася ў работу. У многім дзякуючы таму, што добра валодае камп’ютарам. Заўважу, што ў індывідуальнай праграме нашай цяперашняй калегі не было прапісана працаўладкаванне. Але яна вельмі хацела працаваць. Таму мы звярнуліся з хадайніцтвам у МРЭК, і члены камісіі перагле­дзелі сваё рашэнне, дазволілі працаўладкавацца.

Рабочы дзень жанчыны доўжыцца 6 гадзін, з 8.00 да 15.00. Адаптацыю яна будзе праходзіць год, пасля чаго зможа ўладкавацца ў ТЦСАН на пастаянна. Пры гэтым нядаўна сама стала настаўнікам для новага спецыяліста па сацрабоце, якога ўзялі ў аддзяленне.

— Нягледзячы на тое, што сумую па Белаграпрамбанку, мне падабаецца мая цяперашняя работа, — прызналася Вольга Каркоцкая. — Хоць спачатку баялася, ці змагу знайсці кантакт з інвалідамі. Але аказалася, гэта людзі, якія прыцягваюць да сябе. Яны 10 разоў за дзень скажуць, якая ты прыгожая, паднімуць настрой, калі нявесела на душы. Шкадую, што не прыйшла сюды раней у якасці валанцёра. Наведваючы інвалідаў дома, я ўласным прыкладам паказваю тым, хто здольны нешта рабіць, але ляжыць на канапе, што можна быць актыўным, прыносіць ка­рысць грамадству.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.