Галоўны атрыбут, без якога немагчыма ўявіць Новы год, — ёлачка. У магазінах ад штучных дрэўцаў разбягаюцца вочы: зялёныя, серабрыстыя, залацістыя, са штучным сняжком-інеем на галінках… Але большасць з нас любяць натуральныя, таму і паспяшаюцца на ёлачны кірмаш. Гандляваць ляснымі прыгажунямі лясгас пачне з 20 снежня. У гэтыя дні работнікі лясніцтваў, гадавальніка рыхтуюць тавар да продажу.
У мінулым годзе лясгас рэалізаваў 2 595 елак і сосен. Набірае папулярнасць елка ў кадцы. Летась такіх прадалі 55 штук. Сёлета лесаводы Аксана Ульянава, Вольга Дунец і Вікторыя Грузд ужо пасадзілі іх больш за 40. Работа працягваецца. Елка ў кадцы будзе доўга радаваць вас у пакоі, вясной яе можна высадзіць каля дома, на дачы. А каштуе такая прыгажосць да метра 20,70 руб., ад метра да двух — 31,05 руб.
Пару гадоў таму па ініцыятыве начальніка гадавальніка Аляксея Родзя сталі вырабляць навагоднія ікебаны. Летась яны стваралі святочны настрой амаль у 60 дамах і кватэрах. Займаюцца вырабам ікебан лесаводы Алена Кірплюк і Юлія Ясюковіч. На аснове ствала невялікага дрэва робяць каркас. На яго мацуюць галінкі, якія застаюцца пасля абсякання елак або сосен. Дзякуючы фантазіі і старанню жанчын атрымліваецца роўная з усіх бакоў прыгажуня. Калі яе паставіць у ёмістасць з вадой, то драўніна будзе ўбіраць у сябе вільгаць і аддаваць яе галінкам. Такая кампазіцыя можа прастаяць ад каталіцкіх Каляд да Старога Новага года.
І ўсё ж самы большы попыт, як заўсёды, на жывыя лясныя прыгажуні. Кошт іх невысокі: елка без упакоўкі да метра — 9,80 руб., ад метра да двух — 12 руб. Каб зручней было несці елку дадому, работнікі лясгаса могуць «апрануць» яе ў спецыяльную сетку.
Набыць навагодні атрыбут можна непасрэдна ў лясніцтвах, а таксама падчас выязнога гандлю ў мікрараёне 6 гарадка, каля рынку «Гарызонт» і на рынку па вуліцы Кастрычніцкай.
Анна Анішкевіч