Средняя школа №2 им. Н.М.Осененко отметила свое 80-летний юбилей

Важное Образование

У мінулую пятніцу 80-гадовы юбілей адзначыла пастаўская СШ 2 імя Н. М. Асяненкі. Павіншаваць яе калектыў з гэтай датай прыйшлі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, вайсковай часці 74384, з якой у школы наладжаны сувязі, былыя дырэктары і вядомыя ў раёне выпускнікі другой гарадской, кіраўнікі іншых устаноў адукацыі райцэнтра. У прыгожа ўбранай актавай зале сабраліся таксама ўсе педагогі і работнікі школы, ветэраны, якія зараз на заслужаным адпачынку.

Разам з вядучымі свята — намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольгай Мацкевіч і настаўнікам матэматыкі, чарчэння і астраноміі Яраславам Халадняком — прысутныя перагарнулі старонкі гісторыі школы і ўзгадалі яе дасягненні, падзяліліся сваімі ўспамінамі і сказалі шмат цёплых слоў у адрас педагогаў.

Средняя школа №2 им. Н.М.Осененко отметила свое 80-летний юбилей

Ад першых дзён да сучаснасці

Гісторыя СШ №2 пачалася 1 ве­расня 1944 года. Тады школа была базавай для мясцовага педвучылішча. У канцы 50-х яна набыла машыну і першай у раёне пачала рыхтаваць вадзіцеляў катэгорый В і С, на працягу 10 гадоў з’яўляючыся ўдзельнікам і прызёрам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў школьнікаў па аўтасправе.

У 60-я гады на першае месца ў сістэме работы з вучнямі выйшла працоўнае і вытворчае навучанне, якое пазней прынесла перамогі ў адпаведных аглядах-конкурсах. Гэты перыяд стаў адным з самых яркіх у гісторыі школы. 26 лістапада 1965-га яна перайшла ў новы будынак па вуліцы Піянерскай, дзе размяшчаецца і цяпер. А праз два гады ў школе пабываў Герой Савецкага Саюза Васілій Сідарэнка. Пасля сустрэчы з вучнямі ён пасадзіў каля яе маленькі клён, які расце па сённяшні дзень.

Средняя школа №2 им. Н.М.Осененко отметила свое 80-летний юбилей

У наступным дзесяцігоддзі СШ №2 не раз станавілася прызёрам абласной і рэспубліканскай выстаў па тэхнічнай творчасці навучэнцаў, больш за 10 з якіх узнагароджаны медалямі ВДНГ. У той час у школе працавалі сваё радыё і клуб інтэрнацыянальнай дружбы, сумесна з ваенкаматам праводзіўся эксперымент па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы ў сістэме сярэдняй адукацыі.

4 лістапада 1987 года тут адкрыўся музей баявой і працоўнай славы, якім амаль чатыры дзесяцігоддзі кіруе Рэгіна Ластоўская. Дзякуючы настаўнікам фізкультуры Леаніду Жуку і Вячаславу Гінько ў 80-я каманда школы стала прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў па валейболе і 33 гады запар займала прызавыя месцы ў раённай спартакіядзе школьнікаў.

У 1995 годзе ў школе з’явіўся першы прагімназічны беларускамоўны клас з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. Услед за ім — 10-ы клас з павышаным узроўнем вывучэння матэматыкі. У 1999-м па дагаворы з БДТУ быў адкрыты ліцэйскі клас з вывучэннем на павышаным узроўні матэматыкі, хіміі і інфарматыкі, а ў 2015-м — класы з хіміка-біялагічным і фізіка-матэматычным профілямі.

Средняя школа №2 им. Н.М.Осененко отметила свое 80-летний юбилей

У 2021 годзе ўстанове адукацыі прысвоілі імя Надзеі Міхайлаўны Асяненкі. Напярэдадні 9 Мая таго ж года адміністрацыя Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расійскай Федэрацыі перадала ёй копію Сцяга Перамогі.

Гэта толькі малая частка па­дзей з гісторыі школы, якая дала пуцёўку ў жыццё сотням выпускнікоў. Сярод іх 134 залатыя і 114 сярэбраных медалістаў. За 77 гадоў школай кіравалі 13 дырэктараў, якія аддавалі ёй усе свае сілы, розум, энергію і любоў. У розныя гады яе ўзначальвалі Кірыл Брадовіч, Анатолій Ваўчанка, Мікалай Лукічоў, Анатолій Ванін, Васілій Кірпіч, Якаў Ашыхмін, Фёдар Бядрыцкі, Марыя Марчанка, Клаўдзій Бейнаровіч, Віктар Крэскіян, Аляксандр Кашырын, Ігар Мадвейка і Аляксандр Кузняцоў. Усіх іх узгадалі на свяце.

Трымаюць высокую планку

З 2021 года дырэктарам СШ №2 з’яўляецца Наталля Кісялёва. Сёння пад яе кіраўніцтвам у школе працуюць 47 педагогаў, пераважная большасць якіх маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі, навучаюцца 527 дзяцей з горада і бліжэйшых да яго вёсак. 46 навучэнцаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, падвозяцца на заняткі школьнымі аўтобусамі. Для забеспячэння бяспекі дзяцей і педагогаў школа абсталявана сістэмай відэаназірання. Пастаянна вядзецца работа па ўмацаванні яе матэрыяльна-тэхнічнай базы. Толькі за апошнія два гады часткова добраўпарадкаваны школьная спартыўная пляцоўка, актавая зала-сталовая, санвузлы, прышкольная тэрыторыя.

Средняя школа №2 им. Н.М.Осененко отметила свое 80-летний юбилей

Вялікая ўвага надаецца і вучэбна-выхаваўчай дзейнасці, павышэнню метадычнай адукаванасці педагогаў. На базе школы працуюць раённыя рэсурсныя цэнтры «Эўрыка» і «Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне», якімі кіруюць Алена Трубач і Людміла Палтаржыцкая. Цэнтрам патрыятычнага выхавання дзяцей з’яўляецца музей баявой і працоўнай славы. А 14 верасня бягучага года ў школе адкрыўся ваенна-патрыятычны клуб «Кондар» для вучняў 6—9 класаў. На высокім узроўні ажыццяўляецца дапрофільнае і профільнае навучанне. На базе 10 і 11 класаў адкрыты групы медыцынскай і інжынернай накіраванасці. Навучэнцы актыўна займаюцца не толькі спортам, але і навукова-даследчай дзейнасцю. Шасцёра з іх атрымалі магчымасць прайсці навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Настаўнікі вядуць пастаянную работу па развіцці інтэлектуальных здольнасцей школьнікаў. Дзякуючы іх намаганням у мінулым навучальным годзе 7-класнік Максім Пачко заваяваў дыплом ІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, а таксама стаў пераможцам рэспубліканскага тэлепраекта «Я ведаю!», каманда «Бусляняты» перамагла ў рэспубліканскім этапе інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Піянерскі квіз».

Средняя школа №2 им. Н.М.Осененко отметила свое 80-летний юбилей

Падняўшыся на сцэну, Наталля Кісялёва падзякавала ўсім педагогам за іх прафесіяналізм, адданасць школе, высокія дасягненні ў навучанні і выхаванні дзяцей. Выказала шчырую ўдзячнасць ветэранам, якія пісалі гісторыю СШ №2, шэфам, бацькам і тэхнічным работнікам за тое, што дапамагаюць ствараць утульнасць і камфортныя ўмовы для навучэнцаў, кіраўніцтву раёна за пастаянную падтрымку.

— У школы не толькі слаўнае мінулае, добрае сёння, але і цудоўная будучыня, — выказала ўпэўненасць у заўтрашнім дні Наталля Сяргееўна. — Нягледзячы на бег гадоў, яна заўсёды будзе заставацца маладой, таму што кожны верасень яе сцены напаўняюцца звонкімі галасамі першакласнікаў.

Успаміны, віншаванні, падарункі…

Сярод шматлікіх гасцей, якія сабраліся на юбілейную ўрачыс­тасць, у зале прысутнічалі дырэктар школы з 1995 па 1998 год, ветэран працы Аляксандр Кашырын і яе выпускнікі: старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, былая настаўніца СШ №2 Людміла Грачанік, начальнік РАУС Дзмітрый Куталёў, дырэктар Пастаўскага малочнага завода Георгій Касцень, індывідуальны прадпрымальнік Антон Чалей. Кожны з іх меў магчы­масць выступіць.

Па словах Аляксандра Кашырына, у сценах СШ №2 прайшлі 12 самых цікавых, вясёлых і шчаслівых гадоў яго жыцця. Тут ён вырас ад настаўніка гісторыі да кіраўніка навучальнай установы, якая славілася не толькі спартыўнымі перамогамі, але і працоўнымі дасягненнямі. Аляксандр Яўгеньевіч прыгадаў, як школьнікі дапамагалі калгасу імя Суворава на ўборцы бульбы, арганізаваўшы спаборніцтва паміж класамі, ударна працавалі летам у лагеры працы і адпачынку, зай­маліся парашутным спортам у калгасным аэраклубе. Выпускнікі ўспомнілі яркія моманты са свайго школьнага жыцця і настаўнікаў, якія іх вучылі, падзякаваўшы ім за ўсё са сцэны.

Средняя школа №2 им. Н.М.Осененко отметила свое 80-летний юбилей

Па колькасці выпускнікоў, якія засталіся працаваць на Пастаўшчыне, СШ №2 заўсёды была лідарам у негалосным спаборніцтве па розных паказчыках з першай гарадской школай, — адзначыў, віншуючы юбіляраў, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава.

З віншаваннямі да калектыву школы і яе ветэранаў звярнуўся таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў. Ён падзякаваў педагогам за неацэнны ўклад у навучанне і выхаванне маладога пакалення, актыўны ўдзел ва ўсіх значных грамадска-палітычных мерапрыемствах. Узялі слова і іншыя госці.

Ну а якое свята без падарункаў і ўзнагарод?! Іх было мора. Дзясяткі педагогаў атрымалі граматы і падзякі раённага выканаўчага камітэта і райсавета дэпутатаў, аддзела па адукацыі райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. А настаўніцы пачатковых класаў Наталіі Сіманько ўручылі Падзяку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за плённую педагагічную дзейнасць і значны ўклад у развіццё творчых здольнасцей адораных і таленавітых вучняў. Былі ўшанаваны таксама ветэраны, педагогі, якія працуюць у школе больш за 10, 20 і 30 гадоў, сямейныя пары, тэхнічныя і іншыя работнікі школы.

Падарункамі ўстанове адукацыі сталі пераважна грашовыя сертыфікаты. Яны будуць выкарыстаны на ўмацаванне яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, што, бясспрэчна, дапаможа педагогам дабівацца новых поспехаў у нялёгкай настаўніцкай працы.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.