Школы Поставщины посетили представители БГАТУ и Витебской государственной академии ветеринарной медицины

Образование

Вызначыцца з будучай спецыяльнасцю выпускнікам школ дапамагаюць прафарыентацыйныя сустрэчы, якія ладзяцца па ініцыятыве навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю і райвыканкама. На мінулым тыдні ў школах Пастаўшчыны пабывалі прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

У цесным супрацоўніцтве

Я прысутнічала на сустрэчы старшакласнікаў Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі з дэканам аграмеханічнага факультэта БДАТУ Віктарам Лоўкісам і дацэнтам кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчай жывёлы ВДАВМ Вольгай Яцынай. Яны пазнаёмілі дзяцей з навучальнымі ўстановамі, расказалі пра ўмовы паступлення, пражывання, правядзення вольнага часу.

У гэтай школе ўжо адбыліся два выпускі вучняў аграрнага класа. Яго выпускнікі Яраслаў Архіпаў і Даніла Кузняцоў сталі студэнтамі вышэйназваных навучальных устаноў.

Школы Поставщины посетили представители БГАТУ и Витебской государственной академии ветеринарной медицины

— У тым, што нашы выпускнікі выбіраюць сельскагаспадарчыя прафесіі, няма нічога дзіўнага, — гаварыла дырэктар Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі Алена Ластоўская. — У нас наладжаны цесныя сувязі з ААТ «Навасёлкі-Лучай». Яго дырэктар Юрый Шымчык, спецыялісты — частыя госці на нашых мерапрыемствах. Кіраўніцтва гаспадаркі дапамагае ў правядзенні рамонту школы, набыцці абсталявання. Па яго ініцыятыве для навучэнцаў аграрнага класа пашыта прыгожая форма. У ёй мы сустракаем гасцей школы, выязджаем на экскурсіі.

У аграрных класах на павышаным узроўні дзеці вывучаюць біялогію, матэматыку і беларускую мову. Настаўнікі Сяргей Шарыпкін, Ірына Казак, Алена Дзевятоўская і Валянціна Пяткевіч імкнуцца даць вучням па гэтых прадметах глыбокія веды. Факультатыў «Уводзіны ў аграрныя прафесіі» вядзе настаўніца Аліна Сініца. Заняткі складаюцца з дзвюх частак: тэарэтычнай і практычнай. Першая ў асноўным праводзіцца ў форме лекцыі. Падчас практычнай часткі вучні ўжо пабывалі на сучасным малочнатаварным комплексе, ма­шынным двары, у полі.

Бонус пры паступленні

У 11 класе Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі сёлета вучацца 9 чалавек. Іх бацькі працуюць на мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Таму дзеці маюць добрае ўяўленне пра ўмовы іх працы, заработную плату. Вялікую ўвагу прафарыентацыйнай рабоце надае класны кіраўнік Янія Анкудовіч. Яе вучаніца Вікторыя Лешчык прызналася, што не раз абмяркоўвала з класнай мамай сваю будучую прафесію і ўрэшце выбрала Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. У яго збіраецца паступаць і Валерыя Лазнюха.

Школы Поставщины посетили представители БГАТУ и Витебской государственной академии ветеринарной медицины

Янія Яўгеньеўна расказвае сваім вучням, што аграпрамысловаму комплексу раёна патрабуюцца кваліфікаваныя спецыялісты. Ужо многія выпускнікі навасёлкаўскай школы знайшлі сваё прызванне менавіта на роднай зямлі. Яны паважаныя ў гаспадарцы людзі. Сярод іх — намеснік дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Яўгеній Вішнеўскі, галоўны інжынер Андрэй Курдо, начальнік навасёлкаўскага аддзялення Дзмітрый Лібоза і начальнік аддзела кадраў Вераніка Лібоза. Заслужаным аўтарытэтам карыстаюцца ў землякоў механізатары Юрый Гваздоў, Віктар Рогаў, Артур Вартазаран, Аляксандр Дунец, Андрэй Падгайскі і многія іншыя.

Суправаджала прадстаўнікоў ВНУ інспектар аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Людміла Шубелька. Яна расказала, што выпускнікі профільных класаў аграрнай накіраванасці, якія ў атэстаце маюць адзнакі не ніжэйшыя за 7 балаў па прадметах профільных экзаменаў і якія заключаць мэтавы дагавор на навучанне, залічваюцца ў ВНУ без уступных экзаменаў. Трэба прайсці толькі гутарку. Пры залічэнні на вучобу студэнты могуць разлічваць на дабаўку да стыпендыі: гаспадарка будзе даплачваць ад 3 да 5 базавых велічынь. Першае рабочае месца гарантавана.

14 снежня на базе СШ №1 адбудзецца сустрэча старшакласнікаў з кіраўнікамі сельгасагранізацый, прадпрыемстваў горада.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.