Католікі ў чаканні нараджэння Збаўцы свету — Езуса Хрыста. І гэтыя словы з каляднай песні сёння будуць гучаць ва ўсіх касцёлах. Сваімі ўражаннямі ад падрыхтоўкі да свята і пачуццямі, якія напаўняюць душу, падзяліліся сем’і пастаўчан.
Алена і Віталій Хаткевічы:
Рыхтавацца — значыць чакаць. У Адвэнце, які папярэднічае святу, ёсць цудоўная традыцыя — Рараты. Ранішні змрок у храме асвятляюць трапяткія агеньчыкі свечак і лампад, а яшчэ святло веры ў вачах людзей. Такая Імша ў нашым касцёле адбывалася ў аўторак, чацвер і суботу ў 6.45. Нягледзячы на ранні час, не спалася не толькі дарослым, але і дзеткам. Яны спяшаліся ў касцёл, збіралі спецыяльныя пазлы, з якіх урэшце атрымалася карціна на тэму Божага Нараджэння. Святары імкнуліся данесці дзецям сэнс гэтага свята. І вось сёння мы сядзем за вігілійны стол, потым адправімся на пастэрку. Яна ў нашай парафіі праходзіць вельмі ўрачыста. Веру, што зацікаўленасць дзяцей абавязкова перарасце ў звычку, а вера застанецца ў іх сэрцах назаўсёды.
Ангеліна і Мікіта Сініцы:
Нашай сям’і сёлета споўнілася 10 гадоў. Увесь гэты час мы стараемся жыць па Божых запаведзях. Прадаўжаем традыцыі сваіх бацькоў. Разам з дзецьмі да пачатку Адвэнту абавязкова пляцём вянок. Унутры яго — чатыры свечкі, якія сімвалізуюць чатыры тыдні Адвэнту. Калі сядаем снедаць, абедаць і вячэраць, запальваем неабходную іх колькасць: у першы тыдзень — адну, у другі — дзве і гэтак далей. Нават трохгадовы Ілья разумее: гараць чатыры свечкі — значыць хутка народзіцца маленькі Езус, будуць падарункі. Мы ўпэўненыя, што дзяцей трэба выхоўваць на ўласным прыкладзе,таму заўсёды разам молімся дома, кожную нядзелю едзем на святую Імшу.
Калядная ноч — асаблівая: чаканне вячэры, пажаданні, ёлка, батлейка і кульмінацыя — пастэрка. Яна ўсяляе надзею ў тое, што любыя праблемы ў жыцці вырашальныя. Больш за дзве тысячы гадоў таму Святому Юзафу з цяжарнай Марыяй не знайшлося месца ні ў адным доме. Маленькі Езус нарадзіўся ў хляве. У Яго не было ўтульнай калыскі, ляжаў на мулкім сене ў драўляных яслях. Сагравала Немаўля дыханне жывёлы і любоў бацькоў. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, яны былі шчаслівыя. Святая сям’я для нас прыклад. Верым, што не існуе нічога немагчымага, калі мы разам і з Богам.
Каляды — сямейнае свята. Быў час, калі мы на вігілійную вячэру ездзілі то да адных бацькоў, то да другіх. Ужо гады тры, каб не абцяжарваць іх гатаваннем страў, запрашаем да сябе. Шчаслівыя, што за стол садзяцца чатыры пакаленні: нашы бацькі, мы, дзеці, унукі. Верым: прыклад павагі да старэйшых перадасца маладым, і мы ў старасці не будзем пакінутымі.
Запісала Анна Анішкевіч