17 снежня – Міжнародны дзень чаю
Калі да мяне заглядваюць сяброўкі або блізкія, я заварваю і стаўлю на стол чай, прапаную да яго саладосці. Ён сагравае не толькі цела, але і душу, за чаяваннем хораша ідзе гаворка.
Існуе мноства легенд наконт паходжання чаю. Адна з іх апавядае, што 5 тысяч гадоў таму кітайскі імператар вырашыў адпачыць у дарозе пад чайным кустом і загадаў слугам закіпяціць ваду для піцця. У кубак з кіпенем з куста ўпала некалькі лісцікаў. Імператар не стаў іх вымаць. Калі вада крыху астыла, пакаштаваў яе і адчуў прыемны водар. А выпіўшы поўнасцю, узбадзёрыўся. З таго часу і загадаў заварваць лісцікі з чайных кустоў.
Сёння ў продажы ёсць мноства гатункаў чаю. Аднак не кожны можа сарыентавацца ў яго выбары як па смаку, так і па якасці. Ды і кошт некаторых гатункаў высокі. Але навошта купляць чай, калі ён, вобразна кажучы, расце навокал? Ведаю шмат людзей, якія аддаюць перавагу не магазіннаму, а заваранаму па сваім рэцэпце і з уласна нарыхтаванай сыравіны. Вось што, напрыклад, расказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава:
— Разам з валанцёрамі неаднойчы частавала травяным чаем удзельнікаў розных масавых мерапрыемстваў, што праходзілі на базе спартыўна-турыстычнага комплексу «Азяркі». Неяк падчас абласных спаборніцтваў, у якіх удзельнічалі людзі сярэбранага ўзросту, да мяне падышла стомленая жанчына і пажалілася: «Так разбалелася галава! Не ведаю, што і рабіць». — «А выпіце травянога чаю, — параілі мы. — Павінна палягчэць». Праз нейкі час яна шчыра дзякавала нам, бо боль прайшоў. Зрэшты, наш чай хваляць усе, каго ім частуем.
Ужо шмат гадоў Таццяна Мікалаеўна вырошчвае на сваёй дачы шалфей, календулу, лаванду, аксаміткі, ісоп, бергамот, манарду, любісту, базілік, айву, у полі збірае зверабой, чабор, скрыпень (рус. — иван-чай), нарыхтоўвае ліпавы цвет. І ўсё гэта выкарыстоўвае ў якасці чаю. Духмянасці і смаку дадаюць яму скрылькі высушаных яблыкаў, груш, апельсінаў, лімонаў, айвы.
Асобна варта сказаць пра скрыпень. У ім утрымліваюцца ўсе асноўныя макра- і мікраэлементы, вітаміны групы В і аскарбінавая кіслата. Прычым вітаміну С у гэтым чаі ў некалькі разоў больш, чым у лімоне або ў чорных парэчках. Заварваць яго можна не адзін раз, а два-тры. І вось што цікава: калі выпіць моцна завараны напой, то ён вас заспакоіць, а калі слабейшы — узбадзёрыць.
Аддаюць перавагу чаю на зёлках і ў Пастаўскім аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. Каб атрымаць ад яго не толькі асалоду, але і карысць для здароўя, важна правільна зёлкі сабраць і захаваць. Валанцёры сярэбранага ўзросту разам са спецыялістам па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Аксанай Дробышавай знаёмяцца з методыкамі прыгатавання фітачаю, кансультуюцца з вопытным біёлагам, прытрымліваюцца найлепшых тэрмінаў збору раслін і правілаў ферментацыі чаю. Нарыхтоўку сыравіны яны пачынаюць з маладзенькіх лісцікаў і цвету яблынь. Таксама ў самыя спрыяльныя тэрміны назапашваюць лісты і ягады суніц, кветкі і плады шыпшыны, мяту, мелісу, ліпавы цвет, чабор і інш. Валанцёры-траўнікі не толькі самі з задавальненнем п’юць такі чай, частуюць ім наведвальнікаў і гасцей аддзялення, але і прапагандуюць гэта карыснае чаяванне сярод маладзейшага пакалення, запрашаюць яго прадстаўнікоў у свае рады.
Фаіна Касаткіна