Решив стать врачом, Алексей Станкевич не думал, что будет носить погоны и судьба забросит его в Поставы

Общество

Вырашыўшы стаць урачом, Аляксей Станкевіч нават не думаў пра тое, што яму давядзецца насіць пагоны і лёс закіне з роднага Навагрудка ў Паставы. Тым не менш сёння ён ваенны медык, начальнік аддзялення анестэзіялогіі, рэаніматалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы.

Аляксей — выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, скончыў яго па спецыяльнасці «Дзіцячая анестэзіялогія». Інтэрнатуру праходзіў у абласным клінічным перынатальным цэнтры. Адразу пасля яе прызвалі ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, у 6-ю асобную механізаваную брыгаду, якая дыслацыравалася ў Гродне. Служыў у медроце камандзірам медыцынскага ўзвода, пакуль не прапанавалі месца ў пастаўскім шпіталі.

У яго штаце доктар Станкевіч з кастрычніка 2021 года. Спачатку займаў пасаду старшага ўрача анестэзіялогіі і рэанімацыі, праз два гады ўзначаліў аддзяленне. Цяпер у падпарадкаванні маладога начальніка 9 чалавек: урач, 6 медсясцёр-анестэзістак, тэхнік, які працуе на кіслароднай станцыі, і санітарка. Асноўнае поле дзейнасці — палата, разлічаная на 4 ложкі. Тут лечацца цяжкія хворыя з іншых аддзяленняў шпіталя, знахо­дзяцца прааперыраваныя, у якіх былі працяглыя хірургічныя ўмяшальніцтвы, праводзіцца медыкаментозная падрыхтоўка хворых да аперацый.

Решив стать врачом, Алексей Станкевич не думал, что будет носить погоны и судьба забросит его в Поставы

Многіх з іх Аляксей Станкевіч суправаджае ў аперацыйнай: дае наркоз або робіць спіна-мазгавую ці ўнутрывенную анестэзію, со­чыць за станам пацыентаў. Акрамя таго, ён уваходзіць у склад групы медыцынскай эвакуацыі, якая перавозіць на рэанімабілі пацыентаў з усіх воінскіх часцей органаў пагранічнай службы ва ўстановы аховы здароўя рэспублікі. Таксама дзяжурыць устаноўленым парадкам па шпіталі і займаецца арганізацыяй медыцынскай дзейнасці, пастаянна працуючы над удасканаленнем матэрыяльнай базы аддзялення.

— У адпаведнасці са сваімі службовымі абавязкамі я закупляю апаратуру ў аддзяленне, — расказваў мне. — Для гэтага вывучаю рынак і выбіраю на ім найбольш выгадныя прапановы. Напрыклад, сёлета купілі два маніторы для адсочвання стану хворых і дэфібрылятар. Зараз мадэрнізуем кіслародную станцыю: мяняем там трубы, краны… Займаюся і пытаннямі тэхнічнага абслугоўвання ўсёй апаратуры.

Па словах урача, папяровая работа яму не па душы. Падабаецца знаходзіцца ў аперацыйнай, праводзіць абязбольванне. Таму стараецца як мага больш практыка­ваць. А практыкі ў шпіталі дастаткова. Нягледзячы на тое, што аперацыйныя дні тут — аўторак, серада і чацвер, выклікаць анестэзіёлага на работу могуць і ў пятніцу ноччу, і ў суботу вечарам ці ў нядзелю раніцай. Да гэтага Аляксей Станкевіч ставіцца спакойна: асаблівасці прафесіі, якая не толькі цікавая, але і вельмі адказная.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.