Председатель Поставского райисполкома Сергей Чепик с подарками посетил детский дом семейного типа

Общество

У дзіцячы дом сямейнага тыпу Таццяны і Юрыя Пасечнікаў больш чым за тыдзень да Новага года сталі наведвацца госці. 26 снежня да прыёмнай сям’і завітаў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. Ад райвыканкама ён падарыў спартыўна-гульнёвую пляцоўку коштам 6 660 рублёў.

Каб выканаць пажаданні дзяцей, якія яны выказвалі ў пісьмах Дзеду Марозу, з падарункамі прыехалі кіраўнікі і прадстаўнікі калектываў РЭС, ТАА «ПаставыЭнерга», ДТСААФ, ДРБУ-132, раённага аддзела ўнутраных спраў, інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Пастаўскім раёне, цэнтральнай аптэкі №87 Пастаўскага раёна. І, вядома ж, Дзед Мароз са Снягуркай. Дзеці расказвалі ім вершы, пра свае захапленні.

Сяргей Чэпік павіншаваў сям’ю з навагоднімі святамі, падзякаваў Таццяне і Юрыю за іх бязмежную і бескарыслівую любоў да дзетак, штодзённы клопат пра іх, дапамогу ў сацыялізацыі, пажадаў моцнага здароўя, цярпення. Клопат пра дзяцей — прыярытэтны напрамак работы органаў улады.

Председатель Поставского райисполкома Сергей Чепик с подарками посетил детский дом семейного типа

Напярэдадні Каляд і Новага года вельмі важна, каб дзеці, асабліва з мнагадзетных, няпоўных сем’яў, не засталіся без падарункаў і ўвагі. З гэтай мэтай у рэспубліцы і ладзіцца дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». У ёй удзельнічаюць усе працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі і проста добрыя, шчырыя людзі.

— Нам выпала прыемная місія ўручыць сям’і Пасечнік ад калектыву Варапаеўскай дыстанцыі пуці падарункавы сертыфікат, — гаварыла старшыня прафсаюзнага камітэта Надзея Кімбар. — У рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» паўдзельнічалі 252 чыгуначнікі і сабралі 1 493 рублі. Гэту суму і перадаём на карысць прыёмнай сям’і. Захапляемся, якой любоўю і клопатам вы атуляеце прыёмных дзяцей! Дзякуем за вашу самаахвярнасць і жадаем у новым годзе ўсяго найлепшага вам і дзецям.

Сёння іх на выхаванні ў Пасечнікаў сем і двое родных. Дзвюм старэйшым дзяўчынкам па 15 гадоў, меншанькай — усяго 3.

— Усё ў нас добра, — дзяліліся прыёмныя мама і тата. — Дзеці стараюцца ў агульнаадукацыйнай і мастацкіх школах, прыкладна сябе паводзяць, займаюцца спортам. Мы іх вельмі любім і стараемся, каб яны ні ў чым не мелі патрэбы, раслі годнымі людзьмі. Разам рыхтуемся да Новага года. Паставілі ёлку, упрыгожылі дом. Многае зрабілі сваімі рукамі.

Усе дзеці напісалі пісьмы Дзеду Марозу і чакаюць ад яго падарункаў. Безумоўна, зімовы чараўнік прынясе іх кожнаму. А вось грошы, якія падарылі чыгуначнікі, пойдуць на паляпшэнне бытавых умоў для дзяцей.

— А ведаеце, што нас асабліва ўсцешыла апошнім часам? Тое, што два брацікі — нашы выхаванцы — нядаўна вярнуліся ў родную сям’ю, — расказвалі Таццяна і Юрый Пасечнікі. — Іх бацькі знайшлі ў сабе сілы змяніць лад жыцця і стаць на правільны шлях. Коля і Жэня сустрэнуць Новы год у родным доме, са сваімі мамай і татам. Хіба гэта не радасць?!

Фаіна Касаткіна
Фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.