Поставский территориальный центр социального обслуживания населения провёл акцию «Ты не один»

Общество

Ты не адзін — акцыю пад такой назвай напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў правёў Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яе арганізатары і валанцёры паставілі за мэту наладзіць праз творчасць кантакт з людзьмі, якія страцілі зрок. Некаторых невідушчых яны наведалі дома, іншых запрасілі ў аддзяленне рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН.

Пад братавай апекай

Алене Волк было 13, калі памерла яе маці. Старэйшы за яе на 10 гадоў брат на той час жыў ужо асобна, а бацька не рашыўся адзін выхоўваць дачку. Таму дзяўчынку аформілі ў школу-інтэрнат. У гэтай установе яна вывучала не толькі школьныя прадметы, але і набывала сацыяльна-бытавыя навыкі. Навучылася вязаць. Скончыўшы 8 класаў, вярнулася ў родную вёску Шчоткі. Жыла з бацькам, працавала ў мясцовым калгасе. Дзесьці ў 25 гадоў паступова стаў садзіцца зрок. Ніякае лячэнне не дапамагала. Калі аслепла цалкам, давялося проста з гэтым змірыцца і вучыцца жыць навобмацак. Рукі замянілі ёй вочы: з дапамогай іх арыентавалася ў пакоі, на вуліцы, рабіла ўсё па гаспадарцы.

Поставский территориальный центр социального обслуживания населения провёл акцию «Ты не один»

9 лістапада Алене споўніцца 52 гады. Хвароб мае безліч, да таго ж дрэнна ходзіць. 92-і год ідзе бацьку. У пачатку восені ў яго пачаліся праблемы з памяццю. Пакідаць двух інвалідаў сам-насам стала небяспечна. І тады іх забраў у Парыж старэйшы Аленін брат Славамір.

— Зразумеў, што наведвацца да іх раз на дзень недастаткова, — расказваў ён. — Мала таго, што бацька таксама пачаў слепнуць, яшчэ і развілася моцная дэменцыя. У Алены практычна адказалі ногі. А падступалі халады. Самі сябе яны абслугоўваць не маглі, таму і перавёз да сябе.

У пакоі ўключана радыё. Гэта адзіны ланцужок, які звязвае нямоглых са светам. Алена любіць слухаць розныя перадачы і вязаць. Брат накупляў ёй нітак, і яна вяжа шкарпэткі. Абрадавалася прыезду спецыяліста па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Аксаны Дробышавай. Тая прывезла Алене падарунак ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, а яшчэ прапанавала паспрабаваць аплесці вярбой вазу. Цярпліва тлумачыла, як зачапіць галінку за аснову вазы, пераплесці з дротам, з якога яна зроблена. І рукі сляпой жанчыны паўтаралі тое, чаму вучыла майстар. Аксана хваліла сваю вучаніцу, і тая яшчэ больш старалася. Вельмі шкада, што Алена не ўбачыць тое, што ёй удалося зрабіць.

Поставский территориальный центр социального обслуживания населения провёл акцию «Ты не один»

Пазаймаўшыся з жанчынай, Аксана Дробышава пагутарыла з дзядулем, а таксама са Славамірам. Расказала пра паслугі сацыяльнай службы, пакінула свой нумар тэлефона і сказала звяртацца, калі будзе патрэбна дапамога.

Славамір Волк часова застаўся без гаспадыні: жонка чатыры месяцы таму ўпала і пашко­дзіла пазваночнік. Яе забралі ў Гродна дачка з зяцем. Жанчына папраўляецца. А Славамір адзін даглядае бездапаможных бацьку і сястру, спраўляецца з немалой гаспадаркай.

Дабро ідзе па крузе

Аддзяленне рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН — своеасаблівы астравок цеплыні і дабра для людзей, якія страцілі паўнавартасныя фізічныя здольнасці. Тут кожны такі чалавек адчувае ўвагу да сябе і знаходзіць занятак па душы. Пацвердзілі гэта і заняткі з невідушчымі па аплятанні ваз. На дапамогу Аксане Дробышавай прыйшлі валанцёры сярэбранага ўзросту Ніна Торапава і Наталля Кухальская з ліку вучняў СШ №3.

— У нашай школе вучыцца больш за 20 дзяцей з асаблівасцямі развіцця, — расказвала настаўнік-дэфектолаг Юлія Хаткевіч. — Каб дапамагчы ім хутчэй сацыялізавацца, у нас рэалізуецца праект «Перадай дабро па крузе». Члены валанцёрскага атрада «Сэрца ў руках» суправаджаюць такіх дзетак на розныя мерапрыемствы, наведваюць тых, хто займаецца дома. Нашы старшакласнікі маюць пэўны вопыт работы ў гэтым напрамку. Сёння мы будзем вучыцца дапамагаць людзям старэйшага ўзросту, якія не бачаць.

Назірала за сумеснай работай маладых і старэйшых валанцёраў з падапечнымі, якія так радаваліся кожнаму новаму завітку на вазе! Выйшла на вуліцу, глянула на блакітнае неба, зялёную траву пад нагамі і падзякавала Богу за тое, што ўсё гэта магу бачыць. Жыццё сляпых людзей ахутана цемрай, але іх сэрцы выпраменьваюць святло і цяпло.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.