Развітваемся з 2024-м і падводзім яго вынікі. Аналізуем зробленае, радуемся асабістым, сямейным, калектыўным здабыткам, плануем на будучае. У кожным нумары «Пастаўскага краю» мы пісалі пра тое, што адбывалася ў краіне, вобласці, а найбольш — у раёне, знаёмілі з цікавымі людзьмі. Падшыўка газеты, у якой 100 нумароў, застаецца своеасаблівым летапісам жыцця. Што ж увабрала ў сябе раёнка за 2024 год? Давайце пагартаем і выберам самае значнае.
Студзень
- У «Першым нацыянальным гандлёвым доме» выстаўлена на продаж мэбля Пастаўскага мэблевага цэнтра і ААТ «Паставымэбля».
- Калектыў 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Беларусі ўрачыста адзначыў 30-годдзе ўстановы.
- Пастаўскі малочны завод пачаў выпускаць зярнёны тварог, і ён з’явіўся ў продажы ў магазінах райцэнтра.
- ААТ «Навасёлкі-Лучай» адкрыла ў Старым Двары фірменны магазін «Натуральныя прадукты».
Люты
- У райцэнтры адкрылася запраўка для электракараў.
- Удзельнікі чацвёртага сезона рэспубліканскага праекта «Зімовы маршрут», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, наведаліся на Пастаўшчыну.
- Механізатар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Гваздоў і дырэктар Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пастаўскага раёна Наталля Селіванава сталі лаўрэатамі звання «Чалавек года Віцебшчыны». Вызначана яшчэ 15 лаўрэатаў звання «Чалавек года Пастаўшчыны».
- Аўтапарк Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы папоўнілі дзве новыя машыны хуткай дапамогі.
- У раёне ў атмасферы яднання і свята прайшоў адзіны дзень галасавання. Пастаўчане актыўна ўдзельнічалі ў выбарах дэпутатаў усіх узроўняў.
Сакавік
- У Пастаўскім дзяржаўным каледжы будучым поварам і аўтамеханікам уручылі дыпломы аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
- Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін уручыў ваеннаму камісару Пастаўскага раёна Мікалаю Куліку медаль «За бездакорную службу».
- Найлепшыя школьнікі раёна ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі пашпарты.
- Прадукцыя Пастаўскага малочнага завода прызнана найлепшым таварам Рэспублікі Беларусь.
Красавік
- У Варапаеве адкрылася перафармаціраванае аддзяленне паштовай сувязі.
- На цэнтральнай плошчы райцэнтра пакладзена новае асфальтавае пакрыццё.
- Дырэктар ААТ «Паставымэбля» Сяргей Лацецкі і галоўны механік Варапаеўскай дыстанцыі пуці Ігар Статута вылучаны на Усебеларускі народны сход.
- У аг. Навасёлкі закладзены сквер у гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Май
- У раённым Доме культуры адбылося маштабнае мерапрыемства, прысвечанае 120-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі.
- Камунальнае будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі» занесена на абласную Дошку гонару.
- У Паставах адбыўся злёт праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі, прымеркаваны да 130-годдзя храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца.
- Пастаўскі мэблевы цэнтр з дзелавым візітам наведала дэлегацыя прамысловай карпарацыі з Японіі.
- Двухразовы чэмпіён Беларусі ў 1-й лізе — валейбольная каманда «Атлант» (Паставы) — адзначыла сваё 30-годдзе.
Чэрвень
- У райцэнтры прайшоў IV Усебеларускі хрэсны ход «Царква і армія».
- У рамках Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» адбылося святкаванне 615-й гадавіны з дня заснавання Пастаў.
- На базе дзіцячай кансультацыі паліклінікі Пастаўскай ЦРБ адкрыўся цэнтр ранняга ўмяшальніцтва для дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў з асаблівасцямі развіцця.
- Адметнасцю чарговай прыёмнай кампаніі ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы стала тое, што пачаўся прыём на вучобу і па новых спецыяльнасцях.
Ліпень
- У авіяцыйным атрадзе з нагоды яго 10-годдзя адбыўся дзень адчыненых дзвярэй.
- Ярка, маштабна, патрыятычна адзначыла Пастаўшчына Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
- Злата Ярашэвіч стала лаўрэатам III прэміі ў дзіцячым конкурсе выканаўцаў эстраднай песні на «Славянскім базары ў Віцебску».
- У АДРАЦ «Ветразь» адкрыўся новы кабінет — рабатызаванай нейрарэабілітацыі.
Жнівень
- На каравай-фэсце «Бацькава булка», які праходзіў у Свіслачы, прадукцыя вытворчасці хлебакамбіната Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства ўдастоена залатога медаля.
- На турыстычна-спартыўным комплексе «Азяркі» прайшоў пяты інклюзіўны фестываль «Асаблівыя як усе».
- На Пастаўскім ільнозаводзе адкрылася сталовая.
- Наш раён сустрэў аўтапрабег «Дарогамі памяці і подзвігу», арганізаваны Архангельскім рэгіянальным вучэбна-пошукавым цэнтрам.
- На базе Пастаўскага лясгаса адбылася выязная калегія Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Верасень
- Раённае аддзяленне Беларускай партыі «Белая Русь» папоўніла свае рады.
- У Дзень народнага адзінства адбылося ўрачыстае адкрыццё шматфункцыянальнага спартыўнага стадыёна СШ №1.
- Гран-пры міжнароднага малочнага бізнес-форуму, які праходзіў у Сочы, удастоена прадукцыя Пастаўскага малочнага завода.
- Пастаўскі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства атрымаў некалькі новых аўтамагазінаў.
Кастрычнік
- У Навасёлкаўскім Цэнтры культуры адбыўся раённы конкурс «Супербабуля».
- Пастаўскі малочны завод адзначыў сваё 85-годдзе.
- Аператар машыннага даення ААТ «Камайскі-агра» Алена Ключнік узнагароджана ордэнам Маці, а спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Аксана Дробышава атрымала дыплом і прэмію імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі.
- У Навасёлках адкрыўся стацыянарны сацыяльны пункт ТЦСАН.
- У фармаце адкрытага дыялогу прайшла сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна.
Лістапад
- 85 гадоў на варце грамадскага парадку. Калектыў райаддзела міліцыі адзначыў юбілей.
- Такая ж дата была і на календары чыгуначнікаў Варапаеўскай дыстанцыі пуці.
- А калектывы другой пастаўскай школы і УП ЖКГ урачыста адзначылі свае 80-гадовыя юбілеі.
- У райцэнтры адкрыўся другі дзіцячы дом сямейнага тыпу. Бацькі-выхавальнікі Луцыя і Валерый Пупкевічы прынялі ў ім пад сваё крыло 8 дзяцей.
- У Камаях адкрыўся стацыянарны сацыяльны пункт ТЦСАН.
Снежань
- На СТК «Азяркі» адбыўся раённы чэмпіянат па колцы дроў.
- У СШ №1 для навучэнцаў 11-х класаў раёна і іх бацькоў ладзіўся кірмаш мэтавай падрыхтоўкі.
- Пастаўшчына развівае гастранамічны турызм і прываблівае гэтым усё больш гасцей.
- У Паставах адкрыўся першы ў вобласці дыскаўнтар спажыўкааперацыі.
Падшыўку «Пастаўскага краю» гартала Фаіна Касаткіна
Фота з архіва «ПК»