Лістапад для школьнікаў — гэта час не толькі першых у навучальным годзе канікулаў. У апошні месяц восені праводзіцца другі (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Сёлета ён праходзіў 15—16 і 22—23 лістапада і меў шэраг адрозненняў ад мінулагодніх.
У жніўні бягучага года Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь унесла змяненні ў Інструкцыю аб парадку правядзення алімпіяд па вучэбных прадметах. Цяпер на выпрабаванні па кожнай дысцыпліне адводзіцца не адзін, а два дні, і навучэнцы могуць прадэманстраваць свае веды максімум па двух прадметах (раней можна было ўзяць чатыры). Алімпіядныя заданні сталі адзінымі па ўсёй рэспубліцы, іх рыхтуюць не ўпраўленні па адукацыі аблвыканкамаў, а Акадэмія адукацыі краіны. Змяніліся і падыходы да вызначэння пераможцаў.
Па новых правілах у раённым этапе алімпіяды на Пастаўшчыне ўдзельнічалі 346 навучэнцаў сярэдніх школ, гімназіі і каледжа. Яны спаборнічалі па 16 прадметах і заваявалі 139 дыпломаў. Узнагароды ёсць ва ўсіх устаноў адукацыі. Але найбольш іх у СШ №1 (28 дыпломаў), Пастаўскай гімназіі (25) і Варапаеўскай СШ (24), якія традыцыйна з’яўляюцца лідарамі.
24 школьнікі атрымалі дыпломы па двух прадметах. Асабліва вызначыўся 11-класнік СШ №1 Аляксандр Вірбал, які заваяваў два дыпломы І ступені — па англійскай мове і інфарматыцы. У чатырох вучняў дыпломы І і ІІ ступеняў. Аднакласніца Аляксандра — Вікторыя Зелянкевіч — стала найлепшай па беларускай мове і літаратуры і заняла 2-е месца па рускай мове і літаратуры. Іх равесніца з СШ №4 імя В. Ф. Франтова Мілана Храпавіцкая перамагла па біялогіі і саступіла аднаму саперніку па хіміі. У 10-класніка СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Марка Палякоўскага дыплом І ступені па рускай мове і літаратуры і ІІ ступені — па беларускай мове і літаратуры. А ў навучэнкі 9 класа Варапаеўскай СШ Паліны Кімстач такі ж вынік па геаграфіі і грамадазнаўстве.
Цяпер усе пераможцы рыхтуюцца да абласнога этапа алімпіяды, які адбудзецца 13—17 студзеня наступнага года.
Алена Шапавалава