На ферме малочнага завода, узведзенай непадалёк ад Юнек, апошні раз я была летась. За год адбыліся ўнушальныя змены: адсюль ужо паступае малако на перапрацоўку, добра прыбаўляюць у вазе цяляты.
Пад’язджаю да прахадной, пераступаю яе парог — і бачу, як шмат зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыі, функцыянуюць памяшканні, у якіх утрымліваюцца цялушкі злучнога ўзросту, пакрытыя, дойны статак, цяляты. Усяго ўтрымліваецца 586 галоў жывёлы. У канцы жніўня тут прынялі першыя ацёлы, а з верасня кароў сталі даіць у малочнай зале. На новай ферме прымяняецца інтэнсіўная тэхналогія для круглагадовай вытворчасці малака. Яна заснавана на комплекснай механізацыі вытворчых працэсаў, дакладнай арганізацыі працы жывёлаводаў.
Сярэднясутачныя надоі цяпер складаюць 20 кілаграмаў малака. Аператарамі працуюць 4 чалавекі. Першымі ўладкаваліся сюды Ганна Лукашэвіч і Іліта Абуховіч. Спачатку яны даглядалі цялушак злучнога ўзросту, а пачаліся ацёлы — перайшлі ў даільную залу. У штат дабавіліся Надзея Удавічэнка і Ірына Рабцава. Яны якраз і былі на змене ў дзень майго прыезду.
Работа для жанчын не новая. Надзея родам з Украіны. Там рабіла першыя крокі ў жывёлагадоўлі. З Пастаўшчыны яе муж. У сям’і двое дарослых дзяцей і двое малых — хлопчыкі-пагодкі.
— Маю спецыяльнасць повара, але выбрала ферму, — расказвала. — Задавальняе графік (два дні праз два), добрая зарплата.
А вось аператар па дарошчванні цялят Алена Буцько раней была сацыяльным работнікам. Сёлета памяняла работу.
— Цялятніцай працавала мая мама, — апавядала работніца. — Я, лічы, вырасла на ферме. Ды і гаспадарку бацькі трымалі немалую. Работы ніякай не баюся. Цялятак вельмі люблю.
— Алена Іванаўна спачатку даглядала цялушак злучнога ўзросту, — гаварыла начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы малочнага завода Наталля Лоўшанка. — Мы заўважылі не толькі яе стараннасць, але і дабрыню, таму прапанавалі перайсці аператарам на дарошчванне. І не памыліліся.
Ідзём па памяшканні, куды пераводзяць нованароджаных цялят. Яны размеркаваны па асобных клетках. Малыя ляжаць на мяккай падсцілцы з саломы. Першыя пяць дзён аператар поіць іх малодзівам. Падрастаюць — рацыён мяняецца. Працу аператара аблягчае малочнае таксі. Увогуле практычна ўсе працэсы на новай ферме механізаваныя. Для гэтага набыты самаходны кормараздатчык, падкопшчык кармоў, амкадор для выдалення гною. У штаце фермы 22 чалавекі. Яшчэ патрабуюцца начальнік комплексу і аператар па дарошчванні цялят.
— На ферме створаны добрыя ўмовы як для ўтрымання жывёлы, так і бытавыя для работнікаў, — расказваў намеснік дырэктара Пастаўскага малочнага завода Канстанцін Гайлеўскі. — Ёсць душавыя, пакой для прыёму ежы. Устаноўлены дзве пральныя машыны з сушылкамі. Людзей на работу возім на транспарце завода. Спецыялісты, жывёлаводы робяць усё для таго, каб атрымліваць якаснае малако.
Анна Анішкевіч