Спадзяюся, гэта публікацыя не ўспрымецца як плагіят, хаця рыхтую яе, звяртаючыся да артыкула журналіста Алены Ляўковіч у рэспубліканскай «Звяздзе» (нумар за 24 лістапада) пад загалоўкам «Скрадзеныя лічбы, або Як цётка Галя ў Нацбанк ператварылася». Раблю гэта, каб засцерагчы ад непрыемнасцей пастаўчан, якія карыстаюцца кнопкавымі тэлефонамі («Звязду» ў раёне выпісваюць нямногія).
Пра тое, што махляры «разводзяць» даверлівых грамадзян у «Вайберы», «Інстаграме», «Ватсапе», ведаюць ужо, напэўна, усе. Тым не менш злачынствы ўсё роўна ўчыняюцца. Ну а ўладальнікаў кнопкавых тэлефонаў такім чынам не падмануць, бо яны не зарэгістраваныя ў месенджарах. Але ім можна пазваніць і паведаміць пра дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога родны чалавек апынуўся ў цяжкім стане і патрэбны грошы на яго выратаванне, або пра нібыта спісанне сродкаў з асабістага рахунка і неабходнасць дзеянняў. Пацярпелі ад тэлефоннага махлярства і некаторыя жыхары нашага раёна.
Як піша журналістка «Звязды», такія званкі паступалі і яе 70-гадовай цётцы Галіне на яе кнопкавы тэлефон. Але яна разумела, што гэта выхадкі махляроў, і пасылала іх куды далей. І ўсё ж такі не ад усяго засцераглася. Аднойчы жанчыне патэлефанавалі на дамашні нумар нібыта з «Энергазбыту». Паведамілі, што тэрмінова і бясплатна трэба памяняць лічыльнік электраэнергіі на суперсучасны, па якім можна будзе адсачыць і камунальныя рахункі, і запазычанасць, калі такая ўтворыцца. Усё гэта ў рэжыме анлайн будзе перадавацца на мабільны тэлефон. Галіне ніякі «анлайн» не патрабаваўся, бо тэлефон у яе кнопкавы. Але «энергазбытчык» быў настойлівы і красамоўны і пераканаў гаспадыню ў неабходнасці замены электралічыльніка. Прычым давёў, што найперш яе трэба ўнесці ў базу даных прадпрыемства. «Для гэтага дайце нам нумар свайго мабільнага тэлефона, — гаварыў «спецыяліст». — Мы вам прышлём на яго эсэмэску, а вы нам тыя лічбы прадыктуеце». Цётка ніколі не мела справы з СМС-кодамі, зусім забылася на тое, што гэта інфармацыя строга канфідэнцыяльная, яе нікому нельга перадаваць, і прадыктавала тыя чатыры лічбы, якія атрымала ў СМС-паведамленні.
Як вы, напэўна, здагадваецеся, ніхто мяняць электралічыльнік не збіраўся. А вось нумар тэлефона жанчыны махляры такім падманным чынам раздабылі і зарэгістравалі яго ў «Вайберы (для месенджараў ён быў свабодны). Якім жа вялікім было здзіўленне пляменніцы, калі аднойчы ўбачыла нумар Галіны ў «Вайберы»! Падумала: «Нарэшце ўгаварылі цётку памяняць кнопкавы тэлефон на сучасны». Але на аватарцы стаяла не яе фота, а… застаўка Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
Што гэта дало махлярам? Вось як піша журналіст «Звязды»:
— Шанц быць пачутымі. Апошнім часам, у тым ліку дзякуючы інфармацыйнай кампаніі, якую актыўна праводзяць праваахоўнікі, нашы грамадзяне сталі больш пільнымі. І перш чым адказаць на званок у «Вайберы», «Тэлеграме» ці «Ватсапе», звяртаюць увагу на тое, адкуль ім тэлефануюць. Так што дазваніцца з нумара, зарэгістраванага ў Літве, Малдове ці на Філіпінах, становіцца амаль бесперспектыўным. А тут рэгіструешся на беларускі нумар (з дапамогай гаспадара сім-карты, бо на яе прыходзіць той самы код, без якога зарэгістравацца не атрымаецца), прымацоўваеш аватарку з выявай якога-небудзь банка ці міліцэйскага ўпраўлення, напрыклад, і звоніш беларусам, якія ўжо не такія даверлівыя, але усё ж… Двое праігнаруюць, трэці адкажа: нумар жа беларускі, ці мала што. Далей — па адпрацаванай схеме, і ўжо грошы пацярпелага ў кішэні ашуканца, які недасягальны за мяжой, а то і ўвогуле за акіянам.
А якія наступствы могуць быць, калі ў вас скрадуць нумар тэлефона, зарэгіструюць яго ў месенджарах і выкарыстаюць са злачыннай мэтай? Падмануты з гэтага нумара чалавек звернецца ў міліцыю. Там абавязкова ўстановяць, каму ён належыць, і пачнуць высвятляць абставіны. Хіба гэта не стрэс для ні ў чым не вінаватага чалавека?
Каб пазбегнуць такіх сітуацый, варта быць вельмі асцярожнымі. Калі вы карыстаецеся кнопкавым тэлефонам, але ваш нумар пад ілжывай аватаркай з’явіўся ў «Вайберы», «Інстаграме» ці «Ватсапе» і можа стаць прыладай злачынства, адразу ж паведаміце пра гэта ў міліцыю.
Фаіна Касаткіна