«91 год пражыла, і мне не здоўжылася» — так гаварыла Францішка Волк са Свіран. Напісаць пра доўгажыхарку папрасіла Тэрэза Смаленская, якая доўгі час працавала галоўным бухгалтарам былога калгаса «Колас». Яна хоць і пераехала жыць у Нарач, па-ранейшаму выпісвае нашу раёнку.
Загартавалі цяжкасці
Набіраю нумар тэлефона Францішкі Вітальеўны — і чую бадзёры голас. Дамаўляемся пра сустрэчу, гаспадыня лёгка згаджаецца. Паўгадзіны — і я ў Свіранах. Прыязджаем па названым адрасе: стаіць акуратны домік з сучаснымі вокнамі, пафарбаваны ў зялёна-жоўты колер. Вакол яго акуратны кветнік, далей — агародчык. На адной палосцы зямлі зелянее гарчыца. За немаладым, але дагледжаным садам размешчаны вуллі. Чысціня ў панадворку. Націскаю кнопку званка, і дзверы мне адчыняе гаспадыня. Шпарка пераступае парог, запрашае ў пакой.
— Мая мама пражыла 101 год і 2 месяцы, — расказвала. — Напэўна, доўгажыхарства ад яе і мне ў спадчыну перадалося. Пакуль што ногі ходзяць, вочы бачаць, памяць не пакінула. Не забываюць дочкі, унукі, праўнукі. Дапамагае сацыяльны работнік Жанна Раманоўская. Больш за ўсё я ўдзячная ёй за тое, што кожную нядзелю возіць мяне ў касцёл у Нарач.
Жанчына гаварыла, што найцяжэйшым перыядам у яе жыцці была вайна. Родная вёсачка Барадзінок месцілася ў лесе недалёка ад Філіпоўцаў. У сям’і выхоўвалася трое дзяцей. Жылося няпроста.
— Сёння маладыя не ведаюць, што прыгатаваць на абед, вячэру, а мы не заўсёды мелі хлеб на стале, — успамінала доўгажыхарка. — І не толькі ў пасляваенныя гады, але і падчас станаўлення калгасаў, калі за працадні давалі гірсу.
У 21 год Францішка выйшла замуж у суседнюю вёску, Ляшчоўшчыну. Праз некаторы час сям’я перабралася ў Свіраны.
— Была звеннявой па вырошчванні льну, — працягвала мая суразмоўца. — Памятаю, выклікалі на сход у раён. Ад’язджаю, а дачка просіць: «Мама, купі цукру». За што? Грошай — ні капейкі! Сабрала два дзясяткі яек, прадала на рынку і вярнулася з цукрам. Таму не сядзелі склаўшы рукі: гаспадарку вялікую трымалі, рукадзеллем займалася.
Паспявала гэта рабіць паміж работай на калгаснай авечкаферме, доглядам уласнай гаспадаркі, клопатамі па доме. Паступова абжыліся. Збіралі грошы на пакупку машын дочкам. А выйшла, што яны абясцэніліся і за іх купілі толькі веласіпед і мяшок цукру. У 1996 годзе згарэў дом. Гаспадыня ў той дзень паехала ў Паставы, а вярнулася на папялішча. Мужа, які абгарэў, спрабуючы праз полымя прабрацца ў хату і ўратаваць дакументы, хуткая дапамога забрала ў бальніцу. Старэнькую маці прытулілі ў сябе суседзі. Часовае жыллё сям’і выдзеліла праўленне калгаса, грашыма, рэчамі дапамаглі добрыя людзі. Праз пэўны час сям’я купіла ўласны дом, у якім Францішка Вітальеўна жыве і сёння.
У працы і малітве
— Не харомы, але, калі гасцяць дзве дачкі з зяцямі, дзве ўнучкі, два ўнукі, пяцёра праўнукаў, месца хапае ўсім, — кажа гаспадыня.
А яшчэ дадому да Францішкі Волк у вялікія каталіцкія святы прыязджае ксёндз з Нарачы, і вяскоўцы збіраюцца тут на святую Імшу. Тады гаспадыня дастае з шафы бялюткі гафтаваны абрус, засцілае ім стол, на якім падчас Літургіі хлеб і віно перамяняюцца ў Цела і Кроў Хрыста.
— Колькі такіх абрусаў я выгафтавала! — расказвала Францішка Вітальеўна. — Ёсць яны ў касцёлах у Канстанцінаве, Нарачы, Камаях, Вострай Браме ў Вільні, Заслаўі. А яшчэ гафтавала пасцельную бялізну, накідкі на падушкі.
У клопатах доўгажыхарка і цяпер. Летам хапае спраў на агародзе. Штодзённага догляду патрабуюць пчолы. Па словах жанчыны, з гэтымі разумнымі істотамі звязана яна з таго часу, як выйшла замуж. Пчол вельмі любіў свёкар. Калі ён памёр, абавязкі пчаляра ўзяла на сябе Францішка. Пасля таго як перасяліліся ў Свіраны, даглядала яшчэ і калгасную пасеку на 50 вулляў.
— Пчалярства — занятак карпатлівы, ён па сілах далёка не кожнаму, — гаварыла Вітальеўна. — Тут мала разумець і проста даглядаць — гэта трэба любіць. Клопатаў хапае, асабліва ў сезон. Кажу не толькі пра збор мядовага ўраджаю, але і пра чыстку домікаў, захаванне пчоласем’яў зімой, лячэнне іх ад хвароб і многае іншае.
Позняй восенню наступае зацішша, і тады Францішка Вітальеўна бярэ ў рукі пруткі, кручок і вяжа. Шмат часу прысвячае малітве.
— Я выхоўвалася ў каталіцкай сям’і, — расказвала. — І муж мой католік. Шлюб бралі ў камайскім касцёле. Жылі ў Ляшчоўшыне. Я на ферме працавала. Адно з найлюбімейшых свят — Божае Нараджэнне: у хаце пахне елкай, гатуецца вігілійная вячэра. Пасля яе я заўсёды за 9 кіламетраў ішла ў камайскі касцёл на пастэрку. Дадому вярталася сярод ночы, а раніцай, поўная радасці, спяшалася на дойку.
Пазней быў пераслед веры. Таму дачок хрысцілі ў Літве. Там яны прымалі Першую Камунію, бралі шлюб. У веры выхоўваліся ўнукі. Актыўнымі парафіянамі сталі праўнукі. І бабуля вельмі цешыцца гэтым. У Францішкі Вітальеўны дзве дачкі. Абедзве — настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Старэйшая жыве ў Лепельскім раёне. Доўгі час узначальвала калектыў мясцовай школы, цяпер на пенсіі. Малодшая абуладкавалася ў Заслаўі. Францішка Вітальеўна расказала мне некалькі выпадкаў, калі дзякуючы малітве было ўратавана жыццё яе блізкіх.
— А цяпер больш за ўсё малюся за спакой у Беларусі і свеце, — дзялілася доўгажыхарка. — Усё можна пераадолець, калі ў краіне мір. Гэта найдаражэйшая каштоўнасць.
Анна Анішкевіч