Чэмпіянат Беларусі па валейболе. Пастаўчане завяршылі першы круг нацыянальнага першынства сярод мужчын у 1-й лізе

Спорт и туризм

Праверка на трываласць

У мінулыя выхадныя двума выязнымі матчамі ў Барысаве для пастаўчан завяршыўся першы круг нацыянальнага першынства сярод мужчын у 1-й лізе. Там яны змагаліся з дзеючым сярэбраным прызёрам — лідарам турніру і дублёраў клубаў вышэйшай лігі.

Недахопы – у канцоўках

«Барысаў-БДУФК-2»–«Атлант» (Паставы) – 3:0

1 дзень. 3:0 (37:35; 25:12; 25:21)

«Атлант» гуляў сваім ап­тымальным складам: Мацкевіч, Пятрэвіч, Морхат, Сімагасціцкі, Скаромнік і два лібера на задняй лініі — Зарэцкі і Суханаў. У стартавай шасцёрцы з’явіўся яшчэ адзін навічок — 24-гадовы дыяганальны Ягор Дашкевіч.

Першая партыя была напружаная, доўжылася рэкордныя 45 хвілін. За такі час у валейболе іншы раз завяршаюцца асобныя паядынкі. У стартавым сэце нашы былі бліжэй да перамогі. Яны першымі справіліся з перадматчавым хваляваннем, а іх камбінацыі сталі завяршаць даігроўшчыкі Аляксандр Пятрэвіч і Руслан Мацкевіч. Аднак і сапернік не расслабіўся: гуляў ачко ў ачко. Так дайшло да сэт-болаў, якіх у пастаўчан было больш. На жаль, правесці пераможную атаку ўдала ў іх не атрымлівалася. Ніхто не хацеў саступаць, а на табло высвеціўся лік 33:33. Пасля гэтага «Атлант» тройчы не падаў падачы, і акрыленыя барысаўчане выйшлі наперад.

Другі сэт пастаўчане таксама прайгралі. У гульню ўключыліся толькі ў наступнай партыі. Трэнерскі штаб памяняў гульнявыя звязкі: на замену выйшлі Канаш, Хадзянок, Трава і другі распасоўшчык Уладзімір Юзвовіч. Амаль увесь сэт ішла роўная барацьба да ліку 19:19. І зноў нашу каманду падвяла канцоўка. Сапернік ведаў, каго трэба было «закрываць» над сеткай, і не даваў нашым вызначыцца. У выніку пастаўчане прайгралі.

Чэмпіянат Беларусі па валейболе. Пастаўчане завяршылі першы круг нацыянальнага першынства сярод мужчын у 1-й лізе

* * *

У другім матчы дня «Газавік-Гомель» дома выйграў дзве партыі на старце, расслабіўся і з лікам 2:3 саступіў салігорскаму «ДЮСШ-Шахцёр».

Драматычная развязка

«Барысаў-БДУФК-2»–«Атлант» (Паставы) – 3:2

2 дзень. 3:2 (25:12; 20:25; 27:25; 22:25; 15:12)

Паўторная сустрэча была яшчэ больш напружанай і працягвалася каля дзвюх з паловай гадзін. Першы сэт «Атлант» праваліў. У другой партыі весці гульню пачаў вопытны кандыдат у майстры спорту Ула­дзімір Юзвовіч. На пазіцыю цэнтральнага блакіруючага перайшоў Аляксандр Пятрэвіч, які выдатна стаў завяршаць атакі першым тэмпам. Упершыню ў сезоне выйшаў на фланг нападзення Дзмітрый Грыневіч. Перастаноўкі дапамаглі «Атланту» вярнуцца ў гульню і аднавіць лік матча.

Далей каманды загулялі на сапраўдным куражы. Барысаўчане прыбавілі ў канцоўцы трэцяй партыі і выйшлі наперад. Аднак пастаўчане змаглі пераламаць ход барацьбы на сваю карысць. Адзінае засмуціла, што яны ледзь не страцілі камфортную перавагу (17:24). Сапернік адыграў 5 мячоў і паверыў у свае сілы. У скарочанай рашаючай партыі ўсё вырашылася да ліку 10:10. У гэты момант па расстаноўцы нашы лідары апынуліся на задняй лініі. Тры запар заключныя атакі «Атланта» не сталі выніковымі, а студэнты свой шанц не ўпусцілі і зноў перамаглі.

Наша каманда здабыла адно ачко і з 9 баламі завяршыла першы круг чэмпіянату на 4-м прамежкавым месцы. Аднаасобным лідарам (15 ачкоў) стаў «ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск), які паўторна на выездзе зноў у пяці партыях перамог гамяльчан. Услед за ім ідуць «Барысаў-БДУФК-2» (12), «Газавік-Гомель» (11), а замыкае турнірную табліцу РДВАР-2009 (Мінск) з 1 ачком. Пяты тур пастаўчане прапусцяць, а ба­раць­бу ў другой палове турніру прадоўжаць гульнямі ў Салігорску 18 і 19 студзеня.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.