Чэмпіянат Беларусі па валейболе. «Атлант» (Паставы)—«Газавік-Гомель»: вынікі сустрэчы

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па валейболе

Па леташнім сцэнарыі

«Атлант» (Паставы)—«Газавік-Гомель» — 1:3

1 дзень. 1:3 (25:22; 12:25; 19:25; 22:25)

Наш сапернік ужо другі сезон гуляе проста феерычна: ён перамог у 14 паядынках, ні разу не саступіўшы. Таму ў зале ФАКа не было свабодных месцаў. Падтрымаць «Атлант» прыйшоў і кіраўнік раёна Сяргей Чэпік з сынам.

Нашы выставілі свой аптымальны склад: Мацкевіч, Багдзель, Пятрэвіч, Юзвовіч, Хадзянок, Скаромнік з двума лібера на задняй лініі — Зарэцкім і Суханавым. І ў гамяльчан былі моцныя ігракі. Спачатку гульня ішла ачко ў ачко, а пасля моцнай падачы навылет Руслана Мацкевіча пастаўчане адарваліся з перавагай у пяць мячоў (21:16). Саперніку ўдалося толькі крыху скараціць адрыў, але пасля кароткага перапынку ён на класе пераканаўча перамог у другой партыі.

Далей «Газавік» узмацніў тэмп камбінацый, асабліва падачы, наладзіў прыём. А ў нашых пачасціліся памылкі. У трэцім сэце гамяльчане займелі камфортную перавагу (13:20). У пастаўчан з’явіўся новы пасуючы Руслан Сімагасціцкі, ажывіў гульню даігроўшчык Аляксей Канаш. Велізарнымі намаганнямі нашы землякі амаль дагналі праціўніка (19:22). Аднак у канцоўцы гамяльчане згулялі бездакорна і выйшлі наперад. У чацвёртай партыі яны прадоўжылі гуляць першым нумарам і ўвесь час былі наперадзе. «Атлантаўцы» дзякуючы свайму лідару Аляксандру Пятрэвічу правялі тры прыгожыя атакі і ледзь не дагналі гамяльчан (21:22). На большае, на жаль, у іх сіл не хапіла, таму фаварыту саступілі.

У Салігорску мясцовы «ДЮСШ-Шахцёр» з лікам 3:0 разграміў каманду РДВАР-2009 (Мінск).

Чэмпіянат Беларусі па валейболе. «Атлант» (Паставы)—«Газавік-Гомель»: вынікі сустрэчы

Першая асечка чэмпіёна

«Атлант» (Паставы)—«Газавік-Гомель» — 3:2

2 дзень. 3:2 (22:25; 29:27; 22:25; 25:17; 15:12)

Паўторны паядынак быў вельмі напружаны і працягваўся амаль дзве з паловай гадзіны. Трэнеры пастаўчан перавялі на пазіцыю дыяганальнага Аляксея Канаша, а атакаваць першым тэмпам стаў 16-гадовы навічок з суседняга Глыбокага Артур Морхат. У нервовай канцоўцы ён стаў адным з герояў матча і падаў пераможны эйс.

Падчас сустрэчы каманды па чарзе выходзілі наперад. Пастаўчане згулялі прыгожа і самааддана. Нават рэзервіст Міхаіл Трава, які выходзіў толькі на падачу, умела абвастраў гульню. Некалькі важных эйсаў падалі таксама яго партнёры, а Руслан Сімагасціцкі дабавіў у скарбонку пастаўчан важнае ачко падманным скідком мяча. Гамяльчанам цяжка было стрымаць атакуючы парыў даігроўшчыка Аляксандра Пятрэвіча, які правёў 27 выніковых атак (у суботу —14). Яго падтрымаў Аляксей Канаш на абодвух флангах (21 ачко). Пасля трэцяй партыі сапернік ужо пачаў хвалявацца.

Пры ліку партый 1:2 не ў нашу карысць «Атлант» пры падтрымцы прыхільнікаў знайшоў у сабе сілы пераламаць ход матча. Да гонару саперніка, ён змагаўся да канца. У заключным скарочаным сэце змог адыграць 6 мячоў запар і ледзь не дагнаў (13:12) нашых. У адказны момант галоўны трэнер пастаўчан Аляксей Лабуць узяў паўторны тайм-аўт. Пастаўчане прынялі вельмі складаную падачу, атаку бліскуча завяршыў А. Пятрэвіч. Праз імгненне «атлантаўцы» святкавалі няпростую, але важную перамогу, якая вывела іх з 8 ачкамі на 3-е месца ў турнірнай табліцы. Першы круг чэмпіянату краіны пастаўчане завершаць у сярэдзіне снежня гульнямі на выездзе ў Барысаве.

Прамежкавымі лідарамі першынства з 11 набранымі ачкамі сталі салігарчане, якія зноў адолелі (3:1) маладых мінчан.

Падрыхтаваў Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.