Сёння – Дзень страхавых работнікаў
Прызванне гэтых спецыялістаў — клапаціцца пра дабрабыт людзей, дапамагаць ім у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Асаблівыя рысы характару — кантактнасць, добразычлівасць, ініцыятыўнасць, уменне пераканаць людзей. Усе яны ўласцівыя страхавому агенту Алене Налей.
Напярэдадні прафесійнага свята дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Грыгорый Шэцка гаварыў:
— Пра каго пісаць, як не пра нашага страхавога агента Алену Налей? Сёння на ўрачыстасці ў абласным цэнтры ёй уручылі Падзяку дырэктара філіяла Белдзяржтраху па Віцебскай вобласці. Заслужаная ўзнагарода!
У прадстаўніцтве Алена працуе без малога чатыры гады. Узгадвае, што ёй вельмі падабалася страхавы агент Юлія, якая вяла ўсе страхоўкі іх сям’і. Аднойчы, падчас чарговага візіту, жартам спытала ў агента: «Можа, у вашым калектыве ёсць вакансія?» А яна і сапраўды з’явілася, пра што Юлія паведаміла цалкам сур’ёзна. І Лена рашылася змяніць работу (да гэтага яна працавала ў Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства).
— Зусім іншая сфера, шмат дакументацыі, матэрыяльная адказнасць… На першым часе было вельмі складана, — прызнаецца жанчына. — Але адступаць я не збіралася. Падтрымалі ў калектыве: падказвалі, тлумачылі, дапамагалі. Многае значыць, што калектыў дружны. Асабліва моцна падтрымлівае нашу брыгаду страхавых агентаў вядучы спецыяліст Марына Шэлег.
— Участак Алене Налей дастаўся няпросты, — расказваў кіраўнік калектыву. — Да яе на ім працавала вопытны агент, якая заключыла мноства дагавораў. Здавалася, рэзерваў там няма, аднак Лене ўдаецца знаходзіць усё новых кліентаў. З года ў год яна дае прырост і па колькасці заключаных дагавораў, і па суме страхавых узносаў.
Яе участак — большая частка Дунілавіцкага сельсавета, а таксама вуліцы Меліярацыйная, Палявая, Азёрная і некалькі шматпавярховак у пятым і шостым гарадках. Транспарт — уласны аўтамабіль, графік работы свабодны. Кажа, што наведваецца да сваіх кліентаў, калі яны звычайна бываюць дома: у абедзенны перапынак ці вечарам, у выхадны або святочны дзень.
— А як удаецца сагітаваць чалавека заключыць дагавор не толькі абавязковага страхавання, але і добраахвотнага? — пытаюся ў Алены.
— Я вельмі люблю людзей і даражу кожным сваім кліентам, — адказвае яна. — А самыя пераканаўчыя довады — гэта страхавыя выпадкі. Напрыклад, у адным прыватным доме выйшаў са строю і не належаў рамонту газавы кацёл. Давялося купляць новы. Але гаспадарам на яго набыццё не спатрэбілася траціць уласныя сродкі: хапіла атрыманай страхавой сумы, бо яны мелі заключаныя дагаворы абавязковага і добраахвотнага страхавання.
Падобных прыкладаў можна прыводзіць шмат. Форс-мажорныя сітуацыі з пабудовамі, маёмасцю, транспартам, жывёлай, ды і з уласным здароўем, могуць узнікнуць у кожнага. Каб зменшыць, а яшчэ лепш — цалкам пакрыць іх фінансавыя наступствы, і дзейнічае сістэма страхавання. А асоба страхавога агента мае ў ёй асаблівае значэнне. Тая ж Алена Налей умее знайсці падыход да людзей, талкова давесці да іх інфармацыю, зацікавіць, пераканаць у неабходнасці заключэння дагавораў страхавання. Таму і вынікі яе работы заслугоўваюць увагі і адзнакі.
Ведаючы, што ў Лены трое дзяцей і сям’я мае дачу ў адной з прыгарадных вёсак, цікаўлюся, як яна спраўляецца і з гаспадарчымі справамі.
— Дапамагаюць муж і тры сыны, — адказвае жанчына. — Ягору — 15, Антону — 12, Вадзіму — 9. Што ні папрашу, усё зробяць.
Аднак вернемся да яе дзяржстрахаўскай работы.
— Адкрытая, добразычлівая, прыветлівая, — характарызаваў супрацоўніцу Грыгорый Шэцка. — Ніколі не бачыў, каб у яе быў дрэнны настрой. Прыцягвае да сябе дабрынёй і пазітывам. Яе любяць у калектыве, паважаюць кліенты. Зрэшты, у нашай сферы толькі такім людзям і працаваць.
Шчыра віншую з прафесійным святам усіх членаў калектыву і ветэранаў, а таксама страхавальнікаў. Жадаю, каб найменш здаралася страхавых выпадкаў. Аднак фінансава засцерагаць сябе ад непрадказальных сітуацый усё ж такі трэба. І наша арганізацыя дае такія магчымасці.
Прыслухаемся? І добразычліва расчынім дзверы перад страхавым агентам.
Фаіна Касаткіна
Фота Наталлі Налей