Заслуги начальника службы информационных технологий госпиталя Сергея Мануйлова отметил Президент

Общество

Важнасць пасады, якую займае ў 1-м ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы капітан Сяргей Мануйлаў, вызначаюць сучасныя рэаліі. З’яўляючыся начальнікам службы інфармацыйных тэхналогій, мужчына забяспечвае ўсебаковы абмен інфармацыяй паміж рознымі падраздзяленнямі медустановы, а таксама з Дзяржпагранкамітэтам, супрацьстаіць кібератакам на шпіталь, якія адбываюцца ў апошні час.

Шлях Сяргея Мікалаевіча ў ІТ-сферу быў звілістым. Падлеткам ён не марыў пра сваю цяперашнюю прафесію і пагоны ваеннага, хоць перад вачыма быў прыклад бацькі, які палову жыцця аддаў службе ў Ваенна-паветраных сілах. Скончыўшы 9 класаў СШ №3 Пастаў, паступіў у мясцовае СПТВ на майстра сельскагаспадарчай вытворчасці, затым прадоўжыў вучобу ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Там пазнаёміўся з будучай жонкай і пасля атрымання дыплома паехаў па размеркаванні да яе на Лоеўшчыну. Працаваў галоўным інжынерам на адным з сельгаспрадпрыемстваў, пакуль не прызвалі ў армію.

Адслужыўшы тэрміновую, ажаніўся і ўладкаваўся па спецыяльнасці ў Гомелі. Магчыма, застаўся б там, калі б не жыллё­вае пытанне. З-за немагчымасці вырашыць яго ў абласным цэнтры вярнуўся на Пастаўшчыну, дзе прапанавалі пасаду галоўнага інжынера дварчанскага аддзялення СВК «Камайскі» і выдзелілі катэдж. Але і ў Дварчанах затрымаўся нядоўга: праз два гады вырашыў змяніць прафесію і падпісаў кантракт з 1-м радыётэхнічным цэнтрам у Паставах.

Заслуги начальника службы информационных технологий госпиталя Сергея Мануйлова отметил Президент

Ваенную кар’еру пачынаў аператарам комплексу сродкаў аўтаматызацыі. Неўзабаве даслужыўся да камандзіра аддзялення, а затым — да выконваючага абавязкі начальніка КСА. Непасрэдна атрымліваў новы комплекс, быў з ім на вучэннях. Частыя камандзіроўкі не лепшым чынам адбіваліся на ўзаемаадносінах у сям’і, дзе падрастала маленькая дачка. Гэта прымусіла шукаць іншае, больш спакойнае, месца службы, і ў 2011 годзе Сяргей Мануйлаў перайшоў у шпіталь. Спачатку быў тэхнікам аддзялення сувязі і інфармацыйных тэхналогій, у 2015-м узначаліў службу ІТ.

— Калі толькі прыйшоў у шпіталь, інфармацыйныя тэхналогіі тут знаходзіліся ў зародкавым стане, — расказваў Сяргей Мікалаевіч. — Не было ні лакальнай камп’ютарнай сеткі, ні сервернай. Ролю сервера выконваў адзін камп’ютар, а ўсяго іх мелася каля 25. Зараз у нас 110 машын. З мэтай забеспячэння кібербяспекі створана ўнутраная закрытая інфармацыйна-вылічальная сетка, функцыянаванне якой забяспечваем я і сістэмны адміністратар — яго пасаду ўвялі нядаўна. Мы пастаянна штосьці абнаўляем і ўкараняем новае. У прыватнасці, укаранілі электронны дакументаабарот, устанавілі счытвальнікі для ID-карт, стварылі сайт шпіталя для партала Дзяржпагранкамітэта. Цяпер працуем над стварэннем больш інфарматыўнага ўнутранага рэсурсу ў выглядзе web-сайта, дзе можна будзе змяшчаць інфармацыю, якой трэба падзяліцца з усімі. Таксама ўстанаўлівалі і абслугоўваем сістэму відэаназірання.

Разам з Сяргеем Мікалаевічам у шпіталі працуе яго другая жонка Аксана Мануйлава (першы шлюб мужчыны распаўся). Яна — медсястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення, не па чутках ведае асаблівасці ваеннай службы і з разуменнем ставіцца да таго, калі муж часам дапазна затрымліваецца на рабоце, устанаўліваючы новую сістэму. Шчыра радавалася, калі той спачатку атрымаў нагрудны знак выдатнасці органаў пагранічнай службы «За адзнаку», а затым у адпаведнасці з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені. Яго ­Сяргею Мануйлаву ўручылі ў студзені гэтага года на ўрачыстасці з нагоды 30-годдзя шпіталя.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.