Старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава і актыўная ўдзельніца валанцёрскага атрада «Па закліку сэрца» ТЦСАН Таццяна Вежан заўсёды гатовыя працягнуць руку дапамогі тым, каму яна неабходная. Нядаўна яны наведалі адзінокую Валерыю Ворсу з вёскі Свілелі Курапольскага сельсавета.
Амаль 20 гадоў таму ў 87-гадовай Валерыі Ворсы раптоўна памёр малодшы сын, затым пахавала мужа. У 2020-м жанчыну падкасіў каранавірус. Доўгі час лячылася ў бальніцы. А гэтым часам COVID-19 забраў старэйшага сына. Жанчына была слабай, таму ёй доўгі час не гаварылі пра страту дарагога чалавека. Старшыня былога Ярэўскага сельскага Савета Павел Скрыдлеўскі ўгаварыў яе пасля лячэння некаторы час пажыць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН.
— Добра мне там было: цёпла, чыста, смачна кармілі, даглядалі. Але не пакідала думка, чаму пра мяне забыў сын, — успамінала Валерыя Ворса. — Аднаго разу прыехаў унук, які на той час жыў у Польшчы, і расказаў пра бяду. Ад слёз свету белага не бачыла. Плакала і днём, і ноччу. І так хацелася хутчэй вярнуцца ў сваю хатку! Калі крыху падужэла, Павел Скрыдлеўскі забраў мяне і прывёз у Свілелі. Дапамог выцепліць печку, абуладкавацца. Мне прызначылі сацыяльнага работніка Жанну Вілейту.
Сацработнік прыходзіць да падапечнай два разы на тыдзень. Раз на месяц спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Аксана Дробышава прыязджае і забірае жанчыну ў лазню тэрытарыяльнага цэнтра. Часта тэлефануюць унучка з Масквы і ўнук, які перабраўся ў Амерыку. Туды забраў і сваю маці — нявестку Валерыі Віктараўны. З родных у яе тут нікога няма.
— Калі б не дзяржава і добрыя людзі, прапала б я, — гаварыла Валерыя Ворса. — Бязмежна ўдзячная кожнаму, хто пра мяне клапоціцца. Па хадайніцтве Паўла Скрыдлеўскага каля веснічак спыняецца аўталаўка. Час ад часу заглядвае суседка Люда Ляховіч. А нядаўна ў мяне зламаўся тэлевізар. І зноў выручылі добрыя людзі.
Пра сваю праблему Валерыя Ворса расказала валанцёру тэрытарыяльнага цэнтра Таццяне Вежан. Тая разам з Аксанай Дробышавай кінулі кліч сярод знаёмых. І хутка старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава прывезла тэлевізар і радыёпрыёмнік.
— Таццяна Вежан — адна з найбольш актыўных удзельнікаў валанцёрскага атрада «Па закліку сэрца» ТЦСАН, — апавядала Аксана Дробышава. — Яна прапанавала дапамагчы даставіць рэчы падапечнай. Валанцёры сярэбранага ўзросту — гэта людзі з вялікім і чулым сэрцам. Яны штодзённа дапамагаюць адзінокім, абяздоленым. Цяпер Валерыя Віктараўна слухае навіны, глядзіць кінафільмы і перадачы.
— Да 15 лістапада ў краіне праходзіць акцыя «Ваша дапамога», — тлумачыла Таццяна Шахава. — Але і наша арганізацыя, і валанцёры сярэбранага ўзросту, а таксама з ліку маладых заўсёды гатовыя працягнуць руку дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу. Асабіста я ад кожнай зробленай добрай справы адчуваю задавальненне. Наперадзе зіма з доўгімі, цёмнымі вечарамі. Адзінокім людзям ў гэты час асабліва складана. Таму, калі ў вас ёсць такія знаёмыя, знайдзіце некалькі хвілін, набярыце іх нумар тэлефона, пацікаўцеся здароўем, выслухайце. Няхай ад вашай адкрытасці і шчырасці ў іх на душы пасвятлее.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Таццяна Шахава