«Шчыт і меч» — так называецца ваенна-патрыятычны клуб, які ў пачатку лістапада адкрыўся ў СШ №3 Пастаў. Рашэнне пра яго стварэнне адміністрацыя навучальнай установы прыняла сумесна з раённым аддзелам унутраных спраў. І ўжо на ўрачыстасці з нагоды 85-годдзя райаддзела міліцыі школьнікі атрымалі пасведчанні членаў клуба.
Зараз «Шчыт і меч», які ўзначальвае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Андрэй Пупкевіч, аб’ядноўвае 25 навучэнцаў з 9-га па 11-ы клас. Прычым амаль палову яго членаў складаюць дзяўчынкі, якія праявілі не меншае, чым хлопчыкі, жаданне ўступіць у клуб.
— Мы бралі ўсіх ахвотных, каму споўнілася 14 гадоў, — апавядаў Андрэй Андрэевіч. — Папярэдне правялі работу ў класах: растлумачылі, чым будзе займацца клуб. А сярод напрамкаў яго дзейнасці прафарыентацыйная работа з вучнямі, агнявая і страявая падрыхтоўка, вывучэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь, статута і нарматыўна-прававой базы органаў унутраных спраў. З гэтай мэтай у нас запланаваны палявыя выхады, спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі ў РАУС і Акадэмію МУС. Дзеці непасрэдна пазнаёмяцца з буднямі супрацоўнікаў міліцыі, іх тэхнікай і спецсродкамі, убачаць, чаму навучаюцца і як жывуць курсанты. Магчыма, з’ездзім і ў Ваенную акадэмію, Інстытут пагранічнай службы, на прысягу і ў кіналагічны цэнтр Смаргонскай пагранічнай групы, пабываем таксама ў воінскіх часцях на тэрыторыі нашага раёна, каб вучні атрымалі інфармацыю пра розныя сілавыя структуры. Таму што пасля школы не ўсе яны будуць паступаць у Акадэмію МУС, хтосьці вырашыць стаць прафесійным вайскоўцам ці юрыстам.
На мінулым тыдні адбылося першае пасяджэнне клуба. На ім навучэнцам расказалі пра запланаваныя мерапрыемствы і выслухалі іх пажаданні: што хацелі б яшчэ. Для арганізатараў самае галоўнае — каб падлеткам было цікава ў аб’яднанні. Пасяджэнні будуць праходзіць два разы на тыдзень: па аўторках і суботах. У аўторак займацца са школьнікамі будзе Андрэй Пупкевіч, а ў суботу да іх будуць наведвацца супрацоўнікі РАУС, каб пагутарыць на пэўную тэму ці прыняць удзел у спартыўных спаборніцтвах, або самі навучэнцы адправяцца ў госці да праваахоўнікаў. Сумесна збіраюцца адзначаць і ўсе дзяржаўныя святы, а таксама Дзень беларускай міліцыі.
Алена Шапавалава