Віцебскай дыяцэзіі споўнілася 25 гадоў. Макар Халдзей з Варапаева — прызёр коркурса малюнкаў

Духовность

Самай маладой дыяцэзіі Беларусі — Віцебскай — споўнілася 25 гадоў. Яна створана 13 кастрычніка 1999 года загадам Папы рымскага Яна Паўла II па просьбе кардынала Казіміра Свёнтка, які тады быў арцыбіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Тэрытарыяльна дыяцэзія супадае з межамі Віцебскай вобласці.

З нагоды сярэбранага юбілею ладзілася шмат мерапрыемстваў. Адно з іх — конкурс малюнкаў. Яго мэтай было праз таленты дзяцей, моладзі, дарослых праславіць Бога. Конкурс праводзіўся ў трох узроставых катэгорыях: малодшая (6—12 гадоў), сярэдняя (13—17) і старэйшая (18 гадоў і старэйшыя).

10 лістапада ў Віцебску адбыўся яго фінал. Спачатку цэлебравалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Затым усе накіраваліся ў парафіяльную кафейню, каб разгледзець выставу малюнкаў. Сёлета іх было 97. Журы ацаніла работы ўдзельнікаў і падвяло вынікі.

У малодшай групе 1-е месца заняла Сабіна Касцюкевіч з Глыбокага. 2-е падзялілі паміж сабой Ева Сафіна з віцебскай катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага і Макар Халдзей, які прадстаўляў парафію Святога Міхала Арханёла ў Варапаеве.

Віцебскай дыяцэзіі споўнілася 25 гадоў. Макар Халдзей з Варапаева — прызёр коркурса малюнкаў

Макар — шасцікласнік, таксама займаецца ў мастацкай школе. З задавальненнем наведвае заняткі рэлігіі, якія вядзе сястра Марыяна. Яна і прапанавала хлопчыку паўдзельнічаць у конкурсе. Макар намаляваў варапаеўскі касцёл, катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску і браслаўскі санктуарый, якому сёлета падчас фэсту ў гонар Маці Божай Браслаўскай — Валадаркі азёр — абвешчаны малой базілікай.

— Макар вельмі стараўся. Але калі мы ехалі на падвядзенне вынікаў конкурсу, не спадзяваліся, што ён трапіць у лік прызёраў, — расказвала мама хлопчыка Кацярына. — Было цікава паглядзець на іншыя работы, папрысутнічаць на святой Імшы. Узнагароджанне пачалося з уручэння дыпломаў за ўдзел. Наша прозвішча ўсё не гучала. І раптам — 2-е месца! Гэта стала прыемным сюрпрызам. А якім шчасцем было для Макара, што біскуп паціснуў яму руку і асабіста павіншаваў з перамогай!

Вядома, поспех да хлопчыка прыйшоў невыпадкова. Яго ўдалося дасягнуць дзякуючы здольнасцям і старанню Макара. Пажадаем яму новых творчых знаходак і перамог!

Анна Анішкевіч
Фота газеты «Каталіцкі веснік»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.