У гэтыя восенькія дні, калі асноўныя сельскагаспадарчыя работы завершаны, з тэхнікі на палях можна сустрэць толькі трактары з плугамі: механізатары рыхтуюць зямлю пад новы ўраджай, прымяняючы надзейны аграпрыём — уздым зябліва.
Згодна з данымі райсельгасхарчу, у раёне трэба ўзараць 14 тысяч гектараў глебы. Найбольшы аб’ём работ — у ААТ «Камайскі-агра» (2 770 га), «Навасёлкі-Лучай» (2 150) і на СП «Дунілавічы-агра» (1 910). На палі гэтых гаспадарак за дзень выязджаюць да 10 трактароў. На 1 230 гектарах ужо завяршылі ворыва хацілаўцы. Сельгаспрадпрыемствам, якія ўваходзяць у склад аграпрамысловага аб’яднання, значную дапамогу ў гэтай справе аказваюць механізатары малочнага завода.
У аўторак кіпела работа на полі ля дарогі з райцэнтра на Юнькі. Яно належыць ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Тры энерганасычаныя трактары, якімі кіравалі Васілій Чабуранаў з малочнага завода і мясцовыя Сяргей Шчарбакоў, Сяргей Борыс, пакідалі за сабой шырокія палосы чорнай глебы.
— Надвор’е дазваляе працаваць на ўсіх участках, нават у нізінах, — расказвалі механізатары. — Вясной будзе значна цяжэй у кароткія тэрміны справіцца з вялікім аб’ёмам работ. Восеньскае ворыва мае вялікае значэнне: яно забяспечвае больш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы, паляпшае яе структуру, дапамагае знішчыць пустазелле. Усе мы добра ведаем: уздымеш зябліва не ў тэрмін — недабярэш збожжа. Сёння працуем на вялікім і роўным полі, таму і тэмпы работы значна вышэйшыя. Кожны ўзорвае ў сярэднім 6-7 гектараў за дзень, здараецца — і да 10. Праўда, тут перашкаджаюць электрычныя слупы. Меншая выпрацоўка і на дробнаконтурных палях. Калі тэхніка не падвядзе, на гэтым тыдні план выканаем. Пакуль надвор’е спрыяе, работы будзем прадаўжаць.
На ўздыме зябліва ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра» таксама задзейнічаны Аляксандр Ракель з малочнага завода і мясцовыя механізатары Яўгеній Шырко, Уладзімір Краско, Дзмітрый Гінько і Аляксандр Чыпко. Яны думаюць не толькі пра тэмпы работы, але і пра яе якасць.
З кожным днём усё большым становіцца зяблевы клін раёна. Тэхніка з поля вяртаецца з цямном. Механізатары разумеюць, што ўжо сёння яны закладваюць аснову будучага ўраджаю.
Анна Анішкевіч