Навучэнцы 3-га курса Пастаўскага дзяржаўнага каледжа з сярэдзіны верасня да пачатку лістапада праходзілі вытворчую практыку. Хлопцы вучацца на трактарыстаў-машыністаў і слесараў па рамонце аўтамабіляў. На занятках яны з дапамогай выкладчыкаў атрымліваюць глыбокія тэарэтычныя веды. А замацоўваюць іх на практыцы. Тыя, хто мае часовае пасведчанне трактарыста, працавалі на тэхніцы. Астатнія больш дасканала ўнікалі ў слясарную справу. Падчас вучобы ў каледжы рэгулярна праводзяцца дні вытворчага навучання. Звычайна навучэнцы практыкуюцца ў майстэрнях навучальнай установы. Часам выязджаюць на сельгаспрадпрыемствы раёна для аказання ім дапамогі ў пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне.
У аўторак трэцякурснікі працавалі ў ААТ «Кураполле-агра». Многіх з іх ведаю, бо яшчэ ў верасні пісала пра іх работу на палях раёна. Зараз кожнаму знайшоўся занятак і ў Кураполлі. Пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Аляксандра Даўжука, загадчыка майстэрняў Арцёма Савельева навучэнцы ачышчалі колы сельскагаспадарчых агрэгатаў, фарбавалі сеялкі, дыскі, плугі, культыватары, бялілі колы камбайнаў. Для навучэнцаў гэта добрая магчымасць спазнаць абраную прафесію, а для гаспадаркі — немалая дапамога ў важнай справе.
— Нашы механізатары яшчэ вядуць уздым зябліва, падвозяць на фермы кармы, занятыя на іншых работах, — расказваў Арцём Савельеў. — А юныя памочнікі за некалькі дзён выканалі вялікі аб’ём работ, за гэта ім вельмі ўдзячныя. Ужо цяпер можна вызначыць, каму работа з тэхнікай падабаецца, а каму — не. З зацікаўленых, як правіла, атрымліваюцца добрыя спецыялісты.
Сам Арцём скончыў у свой час Відзаўскае прафтэхвучылішча, затым — Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і па размеркаванні прыехаў у ААТ «Кураполле-агра». Ажаніўся. Сям’і выдзелілі арэнднае жыллё. Умовамі жыцця і працы задаволены. Быў бы рады, калі б да вопытных механізатараў гаспадаркі ў будучым далучыліся выпускнікі каледжа.
Трэцякурснікі падчас гутаркі са мной расказвалі пра вучобу і практыку, захапленне тэхнікай, жартавалі. А калі настрой добры, то і работа спорыцца.
Анна Анішкевіч