Падчас рэспубліканскай акцыі «Не прапальвай сваё жыццё!», якая праводзіцца ў краіне, ратаўнікі робяць акцэнт не толькі на заўзятых курцах. У полі іх зроку і тыя, хто максімальна падвергнуты ўплыву псеўдамоды, — падлеткі.
Курэнне даўно выйшла за рамкі шкоды здароўю і стала пагрозай №1 для чалавечага жыцця. Па статыстыцы, каля 90% смерцяў на пажарах звязана з курэннем у нецвярозым стане. Рызыка ўзнікнення пажару ў доме курца ўзрастае ў 10(!) разоў. І гэта не проста лічбы, а рэальнасць, з якой сутыкаюцца ратаўнікі. На жаль, поўнасцю забараніць шкодную звычку немагчыма, аднак перамагчы яе рэальна. Для гэтага неабходна зрабіць усвядомлены выбар на карысць свайго здароўя. А лепш не пачынаць курыць зусім.
З мэтай пераканаць у гэтым навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа і прыйшлі да іх на сустрэчу ратаўнікі. У сваёй большасці моладзь пачынае курыць з юных гадоў: хтосьці пад уплывам асяроддзя (каб не быць «белай варонай»), хтосьці хоча быць модным (маўляў, курэнне надае брутальнасці), а хтосьці такім чынам уяўляе сябе дарослым.
Работнікі РАНС у чарговы раз нагадалі навучэнцам правілы пажарнай бяспекі, якія трэба выконваць не толькі ва ўстанове адукацыі, але і ў інтэрнаце. Расказалі пра першасныя сродкі тушэння пажару і правільную эксплуатацыю электрапрыбораў.
Спадзяюся, маладыя людзі зразумелі, наколькі небяспечнымі могуць быць наступствы гэтай шкоднай звычкі, і зробяць правільны выбар.
Віталій Змітровіч, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС