8 лістапада загудзе самае ўрачыстае свята для работнікаў сельскай гаспадаркі — абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2024». Рупліўцаў хлебнай нівы гасцінна прыме Полацк. Свята будзе шчодрым, вясёлым, у найлепшых хлебаробскіх традыцыях.
За дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых на фестывалі-кірмашы ўшануюць пераможцаў абласнога спаборніцтва: камбайнераў, вадзіцеляў, аграномаў, інжынераў, машыністаў збожжасушыльных комплексаў і іншых удзельнікаў жніва, адданых сваёй зямлі, кіраўнікоў раёнаў. Не застануцца без увагі і ўзнагарод і работнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Святочны настрой гасцям «Дажынак-2024» будуць ствараць работнікі культуры, у тым ліку нашага раёна. Усіх ахвотных шчыра прыме гасцінны пастаўскі падворак. Творчыя яго гаспадары раскажуць пра край Паазер’я, пачастуюць фірменнымі прысмакамі, павесяляць прыпеўкамі, загадаюць загадкі, правядуць майстар-класы, закружаць у танцы.
Падрыхтаваліся да свята і нашы зямлячкі — народныя майстры Беларусі Таццяна Петух і Вольга Гукава. Першая зрабіла дажыначны сноп — сапраўдны шэдэўр мастацтва, другая — дзве маляванкі на тэму жніва. Пекары Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства з душой спякуць духмяны і прыгожы каравай з мукі новага ўраджаю. На выставе сімвалаў дажынак ён зойме пачэснае месца.
Фота даслала Таццяна Петух