Не кожнаму шанцуе ад нараджэння мець ганаровы статус. А паўтарамесячная пастаўчанка Марыя Врублеўская ўжо яго атрымала. Прычым толькі за тое, што нарадзілася 21 верасня — у Сусветны дзень міру.
Менавіта дзецям, якія з’явіліся на свет у гэта чысло, прысвойваецца статус «Дзіця міру». Павіншаваць дзяўчынку і яе бацькоў з такой прыемнай падзеяй у пятніцу завіталі старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Галіна Казлоўская, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Аніта Несцяровіч і першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова. Гасцей на парозе дома сустрэлі два хлопчыкі.
— Я — Саша, мне чатыры гады. А гэта мой брат Арцём. Ён — першакласнік, — адрапартаваў малодшы.
Старэйшы запрасіў у пакой. Тут гасцей чакалі гаспадары. Тата прытуляў да сябе маленькую гераіню.
Галіна Казлоўская адзначыла, што Марыя сёлета папоўніла спіс Дзяцей міру Пастаўшчыны, пажадала сям’і здароўя, шчасця, несці мір і сяброўства. Да віншаванняў далучыліся Аніта Несцяровіч і Анастасія Пятрова.
Сям’і Врублеўскіх 8 гадоў. Таццяна — пастаўчанка. Працавала правадніком у Полацку і завочна вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Міхаіл — ураджэнец Варапаева. Ён — механік сігналізацыйнай сістэмы Полацкай дыстанцыі пуці. Пазнаёміліся праз сацыяльныя сеткі.
— Мая мама працавала на станцыі, — расказвала Таццяна. — Я вырасла пад стук колаў паяздоў, таму і сама выбрала прафесію, звязаную з чыгункай. На жаль, жыццё мамы абарваў COVID-19.
У мяне быў перапынак у рабоце на перыяд двух дэкрэтных водпускаў. А калі Сашу споўнілася тры гады, перавялася з Полацка сюды, уладкавалася дзяжурнай па станцыі Паставы.
Мнагадзетная сям’я жыве ў бацькоўскім доме. Месца хапае ўсім. Брацікі вельмі любяць Машу. Яна — усеагульная радасць і пацеха.
— Не перадаць словамі тых эмоцый, якія я перажыў пасля ультрагукавога даследавання Таццяны, калі ўрач паведаміла, што ў нас будзе дзяўчынка, — дзяліўся шчаслівы тата. — Дачушка нарадзілася ў адзін дзень з Божай Маці. Акушэрка і ўрач адразу сказалі, што гэта Марыя. У нас з жонкай было некалькі варыянтаў імён для дачушкі. А ўрэшце назвалі ў гонар Багародзіцы.
Анна Анішкевіч