Октябрьская революция — одно из важнейших политических событий для всего мира

История

Кастрычніцкая рэвалюцыя — адна з найважнейшых палітычных падзей для ўсяго свету, бо ход сусветнай гісторыі пасля гэтага быў беспаваротна зменены. Менавіта ў выніку тых далёкіх падзей з’явілася незалежная Рэспубліка Беларусь, і сёння мы ідзём уласным шляхам развіцця, кіруючыся інтарэсамі менавіта свайго народа і дзяржавы.

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года паклала пачатак усталяванню на Пастаўшчыне, як і ў цэлым у Белаpyci, савецкай улады.

У кастрычніцкіх падзеях, якія адбываліся ў Петраградзе, актыўна ўдзельнічалі многія беларусы, у тым ліку прадстаўнікі сучаснага Пастаўскага раёна. Адны знахо­дзіліся ў той час на ваеннай службе, іншыя працавалі на заводах, фабрыках. Гэта былі звычайна выхадцы з бедных, малазямельных ці беззямельных сем’яў, якія адправіліся ў горад у пошуках лепшай долі. У Петраградзе i іншых гарадах яны далучыліся да рабочага руху.

Пасля перамогі бальшавікоў у Петраградзе на месцах пачалі фарміравацца органы новай улады. У Дзісне быў створаны павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт, надзелены ўciмi паўнамоцтвамі рабоча-сялянскай улады. У канцы лістапада 1917 г. утварыўся Пастаўскі валасны Савет. Ён складаўся з 16 мясцовых актывістаў, якія з’яўляліся сябрамі партыі бальшавікоў. У сувязі з тым, што Паставы былі прыфрантавым мястэчкам, Савет размясціўся ў фальварку Варапаева і ў ліку першых распачаў дзейнасць па нацыяналізацыі панскай зямлі. Для падтрымання парадку была ўтворана мясцовая міліцыя ў складзе 5 чалавек.

Октябрьская революция — одно из важнейших политических событий для всего мира

Між тым часу на пераўтварэнне жыцця на новы, сацыялістычны, лад у новай улады было мала. Працягвалася Першая сусветная вайна. Кайзераўскія войскі пайшлі ў наступленне ў лютым 1918 года, неўзабаве Дзісенскі павет быў акупіраваны немцамі. Яны пачалі аднаўляць у вёсках старыя парадкі: вяртаць памешчыкам ix маёмасць, рабаваць сялян.

Павет быў вызвалены ад нямецкай акупацыі ў лістападзе 1918 года. Зноў у нашым кpai пачалі дзейнічаць Саветы: павятовы ў Дзісне i валасныя — на месцах.

Значнай падзеяй для таго часу з’яўляецца мітынг у вёсцы Андроны 15 снежня, на які сабралася каля 4 тыс. чалавек мясцовых жыхароў. Перад прысутнымі выступіў прадстаўнік рэвалюцыйнага Петраграда Іван Новікаў. Ён расказаў пра задачы савецкай улады, яе першыя дэкрэты. Паведамленне пра тое, што зямля будзе перадавацца без усялякага выкупу, было сустрэта радаснымі воклічамі. Ад мясцовых сялян выступілі Пётр Дзіковіч з Чарэмушнікаў Падзісенных, Цімафей Собаль з Цёплых, Даніла Райчонак з Алашак, Ганна Дзейніс з Янчыхі. Яны заклікалі прысутных падтрымаць савецкую ўладу, разам з Чырвонай арміяй змагацца супраць ворагаў рэвалюцыі.

На мітынгу быў абраны рэвалюцыйны камітэт Пастаўскай воласці. Селянін Ягор Касцень прапанаваў паслаць прывітальную тэлеграму правадыру пралетарскай рэвалюцыі Уладзіміру Леніну і прасіць яго даць дазвол назваць воласць Ленінскай. Гэта просьба была задаволена сходам, і пэўны час Пастаўская воласць у дакументах значылася як Ленінская.

24 студзеня 1919 года на павятовым з’ездзе Саветаў абмяркоўваліся наступныя пытанні: аб самавызначэнні народнасці i далучэнні Дзісенскага павета да адной з губерняў Беларускай рэспублікі, выбары дэлегатаў на губернскі з’езд у г. Мінск.

Па дакументах таго часу можна меркаваць, што мясцовыя Саветы працавалі вельмі актыўна i напружана: iмкнуліся наладзіць разбураную гаспадарку, дапамагчы насельніцтву ў вырашэнні надзённых бытавых праблем, разгарнуць у вёсках культурную, асветніцкую работу. Шмат увагі ўдзялялася забеспячэнню насельніцтва прадуктамі харчавання, навучанню дзяцей i дарослых. У вёсках адкрываліся школы, чытальні, бібліятэкі, ствараліся культурна-­асветныя таварыствы, гурткі.

У 1919 годзе гаспадаранне на зямлі было ў асноўным аднаасобным: кожная сялянская сям’я апрацоўвала свой надзел. На зямельных угоддзях некаторых гаспадароў меліся ўчасткі лесу. Характэрна, што закон ахоўваў ix гэтаксама, як i лес дзяржаўнага фонду.

Павятовы Савет i валасныя органы ўлады прымалі меры для таго, каб знізіць узровень беспрацоўя, вырашалі пытанні сацыяльнага страхавання, аховы працы. Шмат yвагі ўдзялялася паляпшэнню работы харчовага аддзела.

Летам 1919 года пачалася польская інтэрвенцыя. У Дзісенскім павеце было аб’яўлена ваеннае становішча. Валасныя выканкамы праводзілі зaпic добраахвотнікаў у Чырвоную аpмiю. Для барацьбы з інтэрвентамі былі створаны партызанскія атрады.

Пад польскай акупацыяй Паставы знаходзіліся з красавіка 1919-га да ліпеня 1920 года. Затым на некалькі месяцаў, у выніку наступлення Чырвонай арміі, савецкая ўлада аднавілася. Але ўсе першыя сацыялістычныя пераўтварэнні перакрэсліў Рыжскі мірны дагавор 1921 года. Пачалося вяртанне да старой панскай сістэмы, сяляне былі вымушаны вярнуць аканомам графа Пшэздзецкага і іншым памешчыкам іх землі і маёмасць.

Аляксандр Кузняцоў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.