У пачатку года ў рамках рэарганізацыі службы хуткай медыцынскай дапамогі аддзяленне «Паставы» міжраённага цэнтра «Глыбокае» Віцебскага абласнога цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі атрымала дзве новыя спецмашыны «МАЗ», на якіх зараз працуюць гарадскія брыгады фельчараў. А 4 лістапада ў наш раён прыбылі яшчэ дзве «хуткія» вытворчасці Мінскага аўтазавода для фельчараў лынтупскага і варапаеўскага пастоў. На наступны дзень яны адправіліся ў гарадскія пасёлкі.
Разам са спецмашынамі фельчары атрымалі і новае абсталяванне для аказання неадкладнай і экстраннай медыцынскай дапамогі: кардыёграфы, дэфібрылятары, імабілізацыйныя шчыты для транспарціроўкі пацыентаў з траўмамі шыі і пазваночніка, эвакуацыйныя крэслы, кіслародныя інгалятары і інш. Па словах старшага фельчара аддзялення «Паставы» Паўла Азарава, цяпер усе чатыры брыгады раёна цалкам укамплектаваны ўсім неабходным для работы па выратаванні чалавечых жыццяў. Пры гэтым атрыманае зараз абсталяванне па сваіх характарыстыках яшчэ лепшае за тое, якое было выдзелена нашым медыкам упраўленнем аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама ў пачатку года з дзвюма першымі «хуткімі». Крыху змяніліся і самі машыны — яны сталі крыху меншымі па памерах.
Таксама нядаўна ўсім брыгадам хуткай дапамогі выдалі персанальныя аўдыявідэарэгістратары для запісу абслугоўвання выклікаў, каб у выпадку ўзнікнення спрэчных пытанняў можна было ўстанавіць вінаватасць або невінаватасць медыкаў. Прыязджаючы на выклік, яны павінны папярэджваць таго, каму спатрэбілася медыцынская дапамога, або яго блізкіх пра вядзенне запісу, і чалавек можа адмовіцца толькі ад відэарэгістрацыі. Ёсць відэарэгістратар і ў машыне хуткай дапамогі, якая абсталявана яшчэ і сістэмай спадарожнікавай навігацыі. Таму дыспетчар на станцыі бачыць, дзе ў дадзены момант знаходзіцца тая ці іншая брыгада, а вадзіцель можа лёгка знайсці патрэбны адрас.
Набыццё спецмашын і медабсталявання для пастаўскага аддзялення службы хуткай медыцынскай дапамогі абышлося бюджэту ў суму больш за 640 тысяч рублёў.
Усяго па лініі цэнтралізаваных закупак Міністэрства аховы здароўя Віцебская абласная служба хуткай медыцынскай дапамогі атрымала 30 новых аўтамабіляў, якія накіраваны ў тэрытарыяльныя аддзяленні.
Алена Шапавалава