Электаральная кампанія набірае ход: у Беларусі працягваецца збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты краіны. Такой эфектыўнай формай работы члены ініцыятыўных груп карыстаюцца ўжо з 7 лістапада.
Адчуваецца грамадская актыўнасць і на Пастаўшчыне. Пікеты функцыянуюць кожны дзень. Яны праводзяцца ў дазволеных для пікетавання месцах. Гэты важны этап у выбарчай кампаніі паказвае зацікаўленасць грамадзян у палітычным жыцці краіны і яе далейшым курсе развіцця. Мала хто праходзіць міма месцаў пікетавання. Многія спыняюцца, задаюць пытанні. Некаторыя шкадуюць, што не маюць з сабой пашпарта. А яго наяўнасць — абавязковая ўмова для таго, каб чалавек мог пакінуць аўтограф у падпісным лісце. Выбаршчык мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты, але толькі адзін раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры.
Збор подпісаў прадоўжыцца па 6 снежня.
Анна Анішкевіч