Молодые педагоги поделились, как их встретили на рабочих местах и почему выбрали профессию педагога

Образование

Штогод калектывы ўстаноў адукацыі Пастаўшчыны папаўняюцца маладымі педагогамі. Сёлета ў школы і дзіцячыя сады раёна прыйшлі 11 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Як сустрэлі іх на рабочых месцах? Якія ўражанні ад першых месяцаў працоўнай дзейнасці? А таксама чаму выбралі прафесію педагога? Вось што адказалі карэспандэнту «ПК» новаспечаныя спецыялісты.


Молодые педагоги поделились, как их встретили на рабочих местах и почему выбрали профессию педагогаАнгеліна Казусь, Курапольская БШ:

— Шчыра кажучы, ніколі не марыла быць настаўнікам. Хацела стаць перакладчыкам, бо падчас вучобы ў школе падабалася нямецкая мова і я добра яе ведала. Але бацькі параілі спачатку скончыць Полацкі каледж пры Віцебскім дзяржуніверсітэце імя П. М. Машэрава, а ўжо потым думаць пра лінгвістычны ўніверсітэт. Што і зрабіла. Атрымаўшы дыплом, паспрабавала паступіць у МДЛУ. На жаль, не прайшла па конкурсе. Так аказалася ў школе.

У Курапольскай БШ мяне сустрэлі цёпла, адразу ўсё паказалі і расказалі. Дапамагаюць педагогі і цяпер: магу звярнуцца да іх па любым пытанні. Акрамя нямецкай мовы ў 3—9 класах, выкладаю «Чалавек і свет» і выяўленчае мастацтва ў пачаткоўцаў, асновы бяспекі жыццядзейнасці ў 5 класе, таксама з’яўляюся класным кіраўніком у пяцікласнікаў. За тры месяцы работы так і не асвоілася ў ролі настаўніка: па характары я сарамлівая і ўсё яшчэ няёмка адчуваю сябе на ўроку. Але паступова прывыкаю, уцягваюся.


Молодые педагоги поделились, как их встретили на рабочих местах и почему выбрали профессию педагогаАляксандра Вярэнька, Пастаўская гімназія:

— На выбар прафесіі паўплывала мая першая настаўніца з Нарацкай СШ №1 Марыя Генрыхаўна Шарай. Яна мне вельмі падабалася, хацелася быць такой жа. Да таго ж самой заўсёды цікава было займацца з маленькімі дзецьмі, вучыць іх чамусьці. Таму паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на спецыяльнасць «Пачатковая адукацыя».

Будучае месца работы шукала ў Паставах: тут служыць мой малады чалавек. Рада, што была вакансія ў гімназіі. У ёй вельмі добры педагагічны калектыў, адміністрацыя, усе гатовы дапамагчы, падказаць. Таму з адаптацыяй на першым рабочым месцы няма ніякіх праблем. Падабаецца і сама работа, хоць спачатку былі складанасці з дысцыплінай на ўроку, бо ў мяне першакласнікі і яны пакуль не прывыклі да парадкаў у школе. Паступова наладжваю кантакт з дзецьмі. Вучуся гэтаму ў вопытных педагогаў, спрабую, стараюся.


Молодые педагоги поделились, как их встретили на рабочих местах и почему выбрали профессию педагогаДзмітрый Цішко, Камайская СШ:

— У старэйшых класах школы мяне цікавіла журналістыка, і я выбраў для паступлення спецыяль­насць «Беларуская філалогія. Літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць» у ВДУ імя П. М. Машэрава. Але ў працэсе вучобы ва ўніверсітэце мой інтарэс змясціўся ў бок педагогікі. Урэшце вырашыў стаць настаўнікам і не шкадую пра гэта. Як і пра тое, што трапіў у Камайскую СШ. Тут вельмі добразычлівыя педагогі, яны цёпла мяне сустрэлі. Дырэктар правяла па школе, пазнаёміла з калектывам. У якасці старэйшых педагогаў за мной замацаваны намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Георгіеўна Аліхвер і настаўніца рускай мовы і літаратуры Марына Чаславаўна Лоўкіс. Яны расказалі, як правільна весці дакументацыю, запаўняць класныя журналы, бо гэтаму мяне не вучылі ва ўніверсітэце. Унікнуць ва ўсе нюансы дапамагла і былая настаўніца беларускай мовы Леанарда Міхайлаўна Рамбальская, якая зараз на пенсіі.

Я выкладаю родную мову і літаратуру ва ўсіх класах, акрамя сёмага. Нагрузка немалая. Але быў гатовы да яе і да таго, што трэба пісаць планы ўрокаў. Што чакае мяне ў школе, ведаў з педагагічнай практыкі, і гэта не адбіла жадання быць настаўнікам.


Молодые педагоги поделились, как их встретили на рабочих местах и почему выбрали профессию педагогаАнастасія Казанцава, дзіцячы сад №6 г. Паставы:

— Прафесію выхавальніка я выбрала свядома. У мяне двое пляменнікаў. І калі яны прыязджалі ў госці, з задавальненнем бавіла з імі час. Увогуле, лёгка ладзіла з усімі дзецьмі, таму вырашыла пайсці вучыцца на педагога дашкольнай адукацыі. Скончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, цяпер працую ў шостым гарадскім садзе.

У садку створаны выдатныя ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей і плённай працы педагогаў, вельмі дружалюбны калектыў, які добра мяне прыняў. Адразу наладзіла кантакт з калегамі і выхаванцамі сваёй сярэдняй групы. Ужо ведаю, як да каго падысці і што сказаць, каб дзіця мяне паслухалася. У рабоце дапамагае Святлана Вальдэмараўна Бразоўская, разам з якой працуем на групе. Работа падабаецца. Зразумела, не ўсё пакуль атрымліваецца і не ўсё яшчэ ведаю, але ў мяне ёсць да каго звярнуцца.


 

Падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.