Маргарита Януш победила в областном этапе республиканского конкурса-турнира «Дзівосы краю майго»

Образование

У канцы кастрычніка на базе аддзела турызму і краязнаўства Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі падвялі вынікі абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу-турніру «Дзівосы краю майго», які праводзіцца ў рамках рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта «Збяры Беларусь у сваім сэрцы». Яго абсалютным пераможцам стала 11-класніца СШ 1 Пастаў Маргарыта Януш.

У перыяд з ліпеня па кастрычнік навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах устаноў адукацыі вобласці ва ўзросце ад 14 гадоў і старэйшыя праводзілі краязнаўчае даследаванне жыцця і дзейнасці вядомых асоб сваёй малой радзімы, вывучалі матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці рэгіёна, якія можна аднесці да «страчанай спадчыны». Па выніках даследавання школьнікі стварылі брашуры «Дзівосы краю майго», у якіх размясцілі інфармацыю пра топ-3 матэрыяльныя і нематэрыяльныя аб’екты гэтай самай спадчыны, а таксама пра трох выбітных асоб, прадставіўшы работы на абласны этап конкурсу.

Маргарыта, якая з’яўляецца членам аб’яднання «Эрудыт» пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Марыны Цітовіч, прэзентавала ў сваёй брашуры касцёл у вёсцы Задзеўе, паляўнічы замак у Паставах, гандлёвыя рады на цэнтральнай плошчы горада, Груздаўскі цымбальны аркестр, арніталагічны музей і балетную школу Канстанціна і Антонія Тызенгаўзаў, мастака Альфрэда Ромера, яго дачку — журналістку, мастачку, літаратара і педагога Гелену Ромер-Ахенкоўскую і арганіста Браніслава Руткоўскага. У Віцебску пастаўчанка спачатку пакарыла журы эмацыянальнай абаронай сваёй работы, а потым перамагла ў краязнаўчай віктарыне, распрацаванай на падставе прадстаўленых усімі ўдзельнікамі матэрыялаў (яна складалася з трох блокаў па 20 пытанняў у кожным). У выніку заслужана атрымала дыплом І ступені і права абараняць гонар вобласці ў заключным этапе конкурсу, які пройдзе ў снежні.

Маргарита Януш победила в областном этапе республиканского конкурса-турнира «Дзівосы краю майго»

Гэта далёка не адзіная перамога Маргарыты. У мінулым навучальным годзе яна заваявала ажно 5 дыпломаў І і ІІ ступеняў у раённым этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, дзе дэманстравала веды па інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы, рускай мове і грамадазнаўстве. Двойчы ездзіла на абласны этап спаборніцтва па фізіцы і была за крок ад прызавога месца. Сёлета ёй не хапіла ўсяго аднаго бала для ўдзелу ў заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Беларусь і Расія: гістарычная і духоўная агуль­насць». Таксама штогод дзяўчына паспяхова ­ўдзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях навучэнцаў і мае максімальны сярэдні бал па вучобе — 10.

— Рыта ў нас сапраўдная школьная зорачка, — гаварыла пра сваю вучаніцу Марына Цітовіч. — Яна вельмі актыўная, прымае ўдзел ва ўсім, што прапануюць. З ёй цікава размаўляць: можа падтрымаць гутарку на любую тэму, таму што ўсебакова развітая, шмат чытае і глядзіць.

— Як удаецца ўсё паспець? — цікаўлюся ў дзяўчыны.

— У мяне добры тайм-менедж­мент, — усміхаецца ў адказ суразмоўца. — Я ўмею размеркаваць, што, калі і ў якой колькасці зрабіць. Таму кладуся спаць у вызначаны час, не заседжваюся дапазна за кніжкамі. Канешне, мая актыўнасць уплывае на тое, што часу на адпачынак застаецца намнога менш, чым у іншых равеснікаў, асабліва не ўдаецца пагуляць. Затое дзейнасць вельмі плённая.

Гэты навучальны год для Маргарыты апошні. Напера­дзе выпускныя экзамены, якія, упэўненая, круглая выдатніца з лёгкасцю здасць, і паступленне ў ВНУ. Дзяўчына ўжо вызначылася з будучай прафесіяй і навучальнай установай, у якой будзе яе атрымліваць. Збіраецца пада­ваць дакументы ў Белдзяржуніверсітэт на праграміста. Чаму выбрала БДУ, а не ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі? Таму што ў галоўнай ВНУ краіны, па яе словах, вельмі цікавае і насычанае рознымі падзеямі студэнцкае жыццё. У ім пастаўчанка мае намер актыўна ўдзельнічаць.

P.S. Калі  матэрыял быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што Маргарыта і яе аднакласнік Уладзіслаў Храпун прынялі ўдзел у рэспубліканскім форуме «Памяць пакаленняў у імя будучыні», які прайшоў 5 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Ён стаў завяршальным этапам аднайменнага ўсебеларускага патрыятычнага праекта, прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пастаўчане перамаглі ў ім у намінацыі «Кніга памяці маёй сям’і». Іх кніга, тэкст якой напісаў Уладзіслаў, расказаўшы пра свайго пра­дзеда, а Маргарыта выступіла афарміцелем і аўтарам фізічнай і электроннай версій, удастоена дыплома ІІ ступені. Узнагароду нашы землякі атрымалі падчас форуму.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.