Аппарат для автоматического измерения рефракции глаза появился в поликлинике Поставской ЦРБ

Главное Здравоохранение

Пастаўчане і жыхары раёна, якія перыядычна звяртаюцца ў паліклініку і лечацца ў цэнтральнай раённай бальніцы, не могуць не бачыць змен, якія там адбываюцца. Паступова ідзе замена вокнаў і дзвярэй у будынках, рамантуюцца ўрачэбныя кабінеты і іншыя памяшканні.

Так, за апошнія тры месяцы праведзены капітальны рамонт санвузлоў для мед­работнікаў і пацыентаў у тэрапеўтычным аддзяленні бальніцы, адрамантаваны афтальмалагічны кабінет і кабінет дыспансерызацыі ў паліклініцы. Апошні пераехаў з трэцяга паверха на першы і цяпер размяшчаецца справа ад рэгістратуры, побач з якой з’явілася новае інфармацыйнае табло з графікам прыёму ўрачоў. А каля самога кабінета ўстаноўлены стэнд з інфармацыяй пра дыспансерызацыю, так што наведвальнікам не давядзецца яго шукаць.

Сродкі на праведзеныя работы выдзелены з раённага бюджэту, і найбольш іх пайшло на рамонт афтальмалагічнага кабінета. У ім заменены ўсе дзверы, атынкаваны і пафарбаваны сцены і столь, пасцелены новы лінолеум, устаноўлены жалюзі і рольшторы на вокнах. Акрамя таго, закуплена шмат рознага абсталявання: маніпуляцыйныя сталы, крэслы, умывальнік, дазатары, новыя аправа для падбору лінзаў, скіяскапічныя лінейкі і пінцэты, якія дазваляюць урачу праводзіць больш маніпуляцый, у прыватнасці здымаць рагавічныя швы пасля замены хрусталіка ў пацыентаў. Але самая важная пакупка — апарат для аўтаматычнага вымярэння рэфракцыі вока. Ён дапамагае ў падборы акуляраў і кантактных лінзаў.

Аппарат для автоматического измерения рефракции глаза появился в поликлинике Поставской ЦРБ

— Аўтарэфрактометр незаменны ў сітуацыях, калі ў пацыента складаны, змешаны астыгматызм або была аперацыя па замене хрусталіка, — расказвала ўрач-афтальмолаг Вікторыя Каспіровіч. — Дзякуючы яму можна хутка і з высокай ступенню дакладнасці падабраць лінзы. Таксама ў апараце ёсць функцыя, якая дазваляе паказаць пацыенту, як мяняецца вось вока пры развіцці блізарукасці і дальназоркасці.

Па словах Вікторыі, у светлым абноўленым кабінеце намнога камфортней адчуваюць сябе не толькі яна з медсястрой, але і пацыенты. У іх лепшы настрой, які стварае персікавы колер сцен. І нават калі пацыентам даводзіцца чакаць прыёму ў чарзе, многія, зайшоўшы да ўрача, пачынаюць усміхацца. А ад гэтага лягчэй працаваць медыкам.

У хуткім часе кіраўніцтва райбальніцы збіраецца набыць для афтальмалагічнага кабінета новую табліцу для праверкі вастрыні зроку ў дзяцей. У планах і пакупка пнеўматанометра для бескантактнага вымярэння ўнутрывочнага ціску. Таксама, як паведаміў галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Сварцэвіч, у наступным годзе плануецца адрамантаваць харчаблок у лячэбным корпусе ўстановы і абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу Лынтупскай участковай бальніцы.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.