8 лістапада дэлегацыя Пастаўшчыны адправіцца на абласны фестываль-кірмаш у Полацк, дзе будуць ушанаваны найлепшыя аграрыі рэгіёна.
Сярод іх — і нашы землякі. Калектыву ААТ «Хацілы-агра» па выніках абласнога спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур прысуджана 2-е месца ў другой групе. ААТ «Навасёлкі-Лучай» заняло 2-е месца па нарыхтоўцы травяных кармоў. Гаспадаркі ўзнагародзяць дыпломамі і прэміямі па 8 000 рублёў.
Сярод вадзіцеляў да 31 года ў другой групе лідарам стаў Аляксандр Дунец з ААТ «Навасёлкі-Лучай», а камбайнер гэтай гаспадаркі Віктар Рогаў адзначаны сярод найлепшых камбайнераў.
Свята працаўнікоў вёскі будзе ладзіцца на некалькіх пляцоўках. На адной з іх (каля прадстаўніцтва Белдзяржстраху) са сваёй дзейнасцю пазнаёмяць работнікі полацкіх РАУС і ГРАНС. На плошчы Свабоды можна будзе наведаць выставу сельскагаспадарчай тэхнікі. Шырока разгорнецца святочны гандаль. Канцэртную праграму рыхтуюць для гасцей найлепшыя творчыя калектывы Віцебшчыны.