116-ы Віцебскі адкрыты асабіста-камандны шахматны тэмпа-турнір быў прысвечаны Васілію Кораню

Спорт и туризм

116-ы Віцебскі адкрыты асабіста-камандны шахматны тэмпа-турнір быў прысвечаны аўтару першай у Расіі Бібліі, ураджэнцу Дуброўна Васілію Кораню.

У стартавы пратакол спаборніцтваў было ўнесена ажно 75 прозвішчаў шахматыстаў, а ахвотных, дарэчы, было яшчэ больш. Турнір быў рэйтынгавы, бо адразу 16 удзельнікаў мелі асабісты каэфіцыент вышэйшы за 2 000 балаў. Рэгламент правядзення не змяніўся: 9 тураў і на абмеркаванне хадоў сапернікам адводзілася па 5 хвілін плюс 3 секунды за кожны зроблены ход. А калі ход быў немагчымы, адразу залічвалася паражэнне. Што і казаць, умовы жорсткія.

У ходзе тэмпа-турніру было паказана шмат нечаканых вынікаў. Смела заявіла пра сябе моладзь, асабліва студэнты Віцебскага медуніверсітэта і Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Пазбегнуць паражэння не ўдалося нікому.

116-ы Віцебскі адкрыты асабіста-камандны шахматны тэмпа-турнір быў прысвечаны Васілію Кораню

Даволі сенсацыйна ўладальнікам галоўнага прыза стаў кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Ілья Шулякоўскі (Віцебскі медуніверсітэт). У актыве юнака — 8 ачкоў з 9 магчымых. Адразу трое шахматыстаў набралі па 7 балаў, таму прыйшлося падлічваць дадатковыя паказчыкі. Вышэйшымі яны аказаліся ў Канстанціна Куляшова (Гомель), а тройку прызёраў замкнуў дзіцячы трэнер з Оршы Мікалай Жукаў. Чацвёрты вынік у Цімафея Фотчанкі (г. Манастыршчына Смаленскай вобласці).

У папярэдніх турнірах сярод жанчын пераканаўчыя перамогі святкавала славуты міжнародны гросмайстар Рахіль Эйдэльсон. Перамагла яна і ў гэты раз, але інтрыга жыла да апошняга 9-га тура. У выніку ў Рахіль Эйдэльсон 6 ачкоў. Таленавітая мінчанка Лізавета Мухіна запісала ў свой актыў 5 балаў. Такі ж вынік у ветэрана шахмат Людмілы Пугачовай (г. Віцебск), але ў яе горшыя дадатковыя паказчыкі.

У намінацыі «Сельскія шахматысты» прымалі ўдзел двое нашых землякоў — Аляксандр Мурзо (завод «Проміс») і вопытны ветэран шахмат Авенір Чырванец. Тут перамогу святкаваў кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паныш (г. Горкі Магілёўскай вобласці), які ў выніковым пратаколе набраў 6 ачкоў. На паўачка менш у Аляксандра Мурзо — другі вынік. Бронзавым прызёрам стаў Віталій Дзеравяшкін з Бешанковіч. 5-е месца заняў наш Авенір Чырванец.

У камандным заліку не было роўных віцебскім студэнтам-медыкам, якія набралі ў агульную скарбонку 19,5 ачка. На адно іх менш у каманды «Мір» (г. Манастыршчына Смаленскай вобласці) і ў выхаванцаў Віцебскай спартыўнай школы. У такой паслядоўнасці каманды і размясціліся ў выніковай турнірнай табліцы.

Юрый Катовіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.