Жыццё ветэрана працы Васілія Бароўкі, які ў мінулым месяцы адзначыў сваё 80-годдзе, так ці інакш было звязана з сельскай гаспадаркай.
Самым цікавым ён лічыць перыяд працы ў калгасе імя Заслонава. Трапіў туды ў 1972 годзе. Не па ўласным жаданні, а па накіраванні райкама партыі для ўмацавання кадраў. Перавялі галоўным інжынерам з калгаса «Дружба», а праз 5 гадоў выбралі старшынёй праўлення.
— У Палессі склалася зладжаная каманда, — успамінае былы старшыня. — Вельмі адказна адносіліся да сваіх абавязкаў галоўны аграном Аляксей Куцко, галоўны заатэхнік Уладзімір Захарэвіч, іншыя спецыялісты. Агульнымі намаганнямі мы вывелі калгас з адстаючых, дабіваліся добрых вытворчых паказчыкаў. Але я занадта блізка прымаў усё да сэрца — і зарабіў язву страўніка.
Пасля цяжкай аперацыі Васілій Бароўка быў вымушаны пакінуць старшынёўства, хаця раённае кіраўніцтва не хацела адпускаць. Але і ўвесь далейшы яго шлях быў звязаны з сельскай гаспадаркай. Працаваў майстрам, потым — намеснікам дырэктара Пастаўскага льнозавода, з’яўляўся сакратаром заводскай пярвічнай партарганізацыі. Пасля — у праектнай майстэрні (праектаваў будынкі сельскагаспадарчага прызначэння). Калі майстэрню закрылі, перайшоў у Пастаўскае сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча: спачатку быў намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы, потым — выкладчыкам. І на кожным месцы праяўляў сябе з найлепшага боку.
Але што для чалавека галоўнае — работа або сям’я? І ці ўсім удаецца сумяшчаць гэтыя два сусветы?
У Васілія Васільевіча атрымлівалася, бо заўсёды побач была і ёсць яго надзейная палавінка. З будучай жонкай пазнаёміўся, калі яшчэ вучыўся ў інстытуце. У шлюбе з Алай Антонаўнай, бібліятэкарам па адукацыі, руплівай гаспадыняй, сардэчным чалавекам, яны ўжо 56 гадоў.
— Мама і тата з’яўляюцца для нас прыкладам ва ўсім, — гавораць іх дочкі Марына і Жанна. — А як жа іх любяць унукі і чатырохгадовая праўнучка Аня! Тата — не проста дзядуля, а педагог-псіхолаг. І нас вучыў, як выхоўваць дзяцей, і для ўнукаў стаў найлепшым сябрам і цікавым субяседнікам.
Старэйшыя ўнукі, Віка і Максім, атрымалі вышэйшую адукацыю і працуюць у Мінску. Мікіта скончыў сувораўскае вучылішча, зараз трэцякурснік БНТУ. Васьмікласніца Даша сёлета паступіла ў гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Прыехаць да дзядулі з бабуляй для іх — вялікая радасць. Зразумела, што і на юбілей Васілія Васільевіча сабраліся ўсе родныя. За святочным сталом было шмат успамінаў і песень. Прычым, у якасным выкананні, бо саліравалі сапраўдныя таленты: Жанна выкладае ў Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза, спявае ў заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь фальклорным ансамблі «Паазер’е», цудоўны голас і ў яе дачкі Дашы, а сын Мікіта выступаў нават на сцэне Палаца Рэспублікі. Пранікнёна спяваў ён і на юбілеі дзядулі. Асабліва кранулі імянінніка песні «Не прадаецца хата бацькоў» і «Весна на Заречной улице».
— У доме ёсць цымбалы і піяніна, — расказвала Жанна. — І мы, развучыўшы якую-небудзь музычную кампазіцыю, іграем на іх і спяваем, нібыта здаём бацькам своеасаблівы экзамен. Такім чынам, музыка тут гучыць часта.
Няхай жа ў ёй, як і ў жыцці такіх сціплых і шчырых людзей, як Васілій і Ала Бароўкі, будзе больш мажорных нотак.
Фаіна Касаткіна