Воспитатель детсада №3 Наталья Соколова подарила частичку своей души не одному поколению маленьких горожан

Важное Образование

Выхавальніка дзетсада 3 Наталлю Сакалову ў Паставах ведаюць многія: яна падарыла часцінку сваёй душы не аднаму пакаленню маленькіх гараджан, прывіла ім асноўныя жыццёвыя навыкі і ўменні.

У дзіцячым садку Наталля Мікалаеўна працуе ўжо 38 гадоў, заваяваўшы любоў дзяцей, павагу іх бацькоў і калег. Пры гэтым быць выхавальнікам жанчына не збіралася — марыла пра прафесію настаўніка. Пасля школы паступіла ў Аршанскае педвучылішча, а закончыўшы яго — у Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Атрымаўшы дыплом настаўніка чарчэння і рысавання, некаторы час выкладала ў школе-інтэрнаце ў Оршы. А калі выйшла замуж і пераехала да мужа ў Паставы, уладкавалася ў 3-і гарадскі сад.

— На той час вакансій па маёй спецыяльнасці не было, вось і прыйшлося ісці ў дзетсад, — расказвала пры сустрэчы. — Думала, папрацую год-другі, а потым перайду ў школу. Але работа з малымі зацягнула, спадабаўся калектыў сада, і пакідаць яго не захацела.

— Усе мы ведаем, што можна вывучыцца на педагога, але не стаць ім, — гаварыла загадчык дашкольнай установы Марына Хмяльніцкая. — Гэта не пра Наталлю Мікалаеўну. Педагогіка — яе прызванне. Яна ўмее падабраць ключык абсалютна да кожнага дзіцяці, знайсці залатую сярэдзіну паміж палюбіць, пашкадаваць і праявіць строгасць. Дзеці не баяцца выхавальніка і ў той жа час слухаюцца.

Воспитатель детсада №3 Наталья Соколова подарила частичку своей души не одному поколению маленьких горожан

Па словах Марыны Чаславаўны, маладыя калегі нярэдка звяртаюцца да Наталлі Мікалаеўны па дапамогу, калі не могуць знайсці падыход да дзіцяці. Жанчына ў такім выпадку падкажа, што зрабіць, каб малы адкрыўся, пайшоў на кантакт. Калі дашкольнікі дрэнна засвойваюць матэрыял на занятках, параіць, як лепш яго паднесці: у якой форме, што расказаць і як паказаць. Маючы вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, якую атрымала яшчэ ў 2009 го­дзе, самы вопытны выхавальнік дзетсада №3 не раз пацвярджала свой высокі прафесіяналізм.

За гады працы з дзецьмі Наталля Сакалова зарабіла аўтарытэт не толькі ў мікрараёне будаўнікоў, дзе размяшчаецца дашкольная ўстанова, але і ва ўсім горадзе. Сем’і, якія пераехалі жыць у іншыя раёны Пастаў, па-ранейшаму прыводзяць да яе сваіх малых, нягледзячы на тое, што па новым месцы жыхарства ў крокавай даступнасці ёсць дзіцячы сад. Таксама тыя, чыім выхавальнікам была Наталля Мікалаеўна, стараюцца, каб і іх дзеці трапілі да яе ў групу. Калі святкавалі юбілей сада, на яго прыходзілі цэлымі сем’ямі, у якіх прадстаўнікі розных пакаленняў — ад бабуляў з дзядулямі да ўнукаў — выхоўваліся або выхоўваюцца ў гэтага педагога.

Хоць Наталля Мікалаеўна ўжо дасягнула пенсійнага ўзросту, пакідаць любімую работу не спяшаецца. Яна праяўляе інтарэс да ўсяго новага. У прыватнасці, хутка асвоіла інтэрнэт і цяпер шукае ў ім неабходную для работы інфармацыю, знаёміцца з сучаснымі падыходамі і тэхналогіямі выкладання, можа дыстанцыйна праходзіць павышэнне кваліфікацыі. Спатрэбіліся і навыкі чарчэння і рысавання: жанчына шмат гадоў вядзе гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у якім вучыць дзяцей ствараць вырабы з прыроднага матэрыялу. А яшчэ афармляе сваю групу і вестыбюль сада, каб малым, іх бацькам і калегам-выхавальнікам было прыемна сюды прыходзіць.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.