У мінулую пятніцу ў пастаўскай СШ №3 урачыста пасвяцілі ў тэатралы навучэнцаў 5—6 класаў. Такое мерапрыемства прайшло тут упершыню і стала яркай падзеяй у школьным жыцці.
Тэатр, стваральнікам і мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца настаўніца англійскай мовы Людміла Пчалінцава, існуе ў школе ўжо чацвёрты год. Ён карыстаецца вялікай папулярнасцю ў дзяцей і складаецца з тэатра-студыі «Авацыя», куды ўваходзяць навучэнцы сярэдніх класаў, і творчай майстэрні юнага акцёра «Арт-мікс», дзе займаюцца старшакласнікі. Там яны не проста ставяць спектаклі, але і танцуюць, спяваюць падчас пастановак, сумяшчаючы некалькі відаў сцэнічнага мастацтва.
Сёлета старэйшым «арт-міксаўцам» прыйшлося пакінуць творчую майстэрню з прычыны заканчэння школы. На змену ім у студыю прыйшло каля 30 пяці- і шасцікласнікаў, якіх кіраўнік вырашыла пасвяціць у тэатралы.
У акцёрскую сям’ю пачаткоўцаў прымалі вопытныя «калегі» ў прыгожых сцэнічных касцюмах з мінулагодніх спектакляў (іх пашыла выхавальнік групы падоўжанага дня Алена Грантоўская). У працэсе пасвячэння — а яно ператварылася ў новы самастойны спектакль — гучалі песні, адна з якіх з гэтага года будзе гімнам тэатра, і жывы саксафон, акцёры выканалі танец менуэт з ранейшай пастаноўкі. Паспрабавалі сябе ў ролі акцёраў і пачаткоўцы. Яны паказалі казку «Рэпка на новы лад». Таксама для тых, хто ўступаў у студыю, былі падрыхтаваны конкурсы на адпрацоўку дыкцыі, міміку і сцэнічны рух. З прывітальным словам да іх звярнуліся выпускнікі творчай майстэрні Ірына Мальцава і Руслан Кузьміцкі, якія прысутнічалі ў зале ў якасці гасцей.
У канцы на свята прыбыла муза Мельпамена, якая лічыцца сімвалам тэатра і тэатральнага мастацтва. У яе прысутнасці дзеці прынеслі клятву вернасці школьнаму тэатру. Юныя акцёры раздалі гледачам каляндарыкі з афішамі маючых адбыцца спектакляў.
Алена Шапавалава
Фота Веранікі Казлоўскай