У мінулы аўторак, на Тыдні бацькоўскай любові (ён працягваўся з 14 па 21 кастрычніка), у Доме рамёстваў «Стары млын» адкрылася выстава работ трох пакаленняў сям’і Дударонак—Чапуковых—Іваньковых пад назвай «Сям’я назаўсёды».
Аснову экспазіцыі складаюць вышытыя крыжыкам карціны і выкананыя ў тэхніцы абрэзкавага шыцця коўдры былой пастаўчанкі Зоі Дударонак, якая зараз жыве ў Полацку. Прыехаць на адкрыццё выставы жанчына не змагла. Але прыйшла яе дачка Таццяна Чапукова, якая працуе настаўнікам пачатковых класаў СШ №3 і таксама займаецца рукадзеллем. Яна дапоўніла матчыну экспазіцыю шэрагам уласных работ, а таксама работамі сваёй унучкі — чацвёртакласніцы Леры Іваньковай.
— Рукадзельнічаць мама пачала яшчэ ў маладосці, — расказвала Таццяна Чапукова. — Як і многія ў той час, вязала кручком і пруткамі адзенне для сябе і для нас, дзвюх дачок, пляла макрамэ. Вязаць навучылася ад сваёй маці, якая займалася гэтым усё жыццё. 20 гадоў назад захапілася вышываннем. Тады яшчэ няпроста было купіць канву і ніткі, даводзілася шукаць схемы для вышывак у розных журналах і інтэрнэце. А 5 гадоў назад у мамы з’явілася новае захапленне — абрэзкавае шыццё. Знаходзячыся падчас каранавіруса ў самаізаляцыі на дачы, яна пачала шыць з кавалачкаў тканіны коўдры. Гэта настолькі спадабалася, што стала любімым маміным заняткам. У творчы працэс яна ўцягнула нават свайго мужа.
Што да Таццяны Іванаўны, то іголку з ніткай яна ўзяла ў рукі, калі была цяжарная другой дачкой, якой зараз 18 гадоў. Спачатку вышывала просценькія карцінкі для падушачак. Затым перайшла да больш складаных карцін, а пазней захапілася алмазнай мазаікай. Па словах майстрыхі, яна асабліва ганарыцца сваімі іконамі, выкананымі ў гэтай тэхніцы і вышытымі крыжыкам. Іх зрабіла ўжо з дзясятак, і, зразумела, усе не змаглі ўвайсці ў выставу. Алмазная мазаіка падабаецца і 10-гадовай Леры, якая, гледзячы на бабулю, таксама пачала тварыць.
Яркія мазаічныя работы, тонкія вышываныя, падобныя на жывапісныя, карціны, стракатыя коўдры прыцягваюць увагу і прымушаюць уважліва іх разгледзець. Яны з’яўляюцца той нітачкай, якая звязвае розныя пакаленні роду, перадае ад продкаў нашчадкам генетычны код сям’і.
Алена Шапавалава