У аграгарадку Навасёлкі адкрыўся стацыянарны сацыяльны пункт ТЦСАН
У першай палове дня ў аўторак многія жыхары пенсійнага ўзросту Навасёлак спяшаліся да будынка, дзе размешчана амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Але на гэты раз яны ішлі не для таго, каб змераць ціск, праверыць работу сэрца, а каб папрысутнічаць на адкрыцці важнага сацыяльнага аб’екта.
— Сёння пажылыя людзі ўсё больш імкнуцца весці актыўны лад жыцця, наведваюць розныя культурныя і забаўляльныя мерапрыемствы, — гаварыла дырэктар ТЦСАН Марыя Курто. — Многія самі з задавальненнем у іх удзельнічаюць. Для такіх грамадзян нашым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адкрыты тры аддзяленні: у райцэнтры, гарадскіх пасёлках Лынтупы і Варапаева. Наведвальнікаў у гэтых установах з кожным годам прыбаўляецца.
Марылі пра такое аддзяленне і навасёлкаўцы. Дзякуючы фінансавай падтрымцы райвыканкама і спонсарскай дапамозе дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыя Шымчыка гэта стала магчымым. Пад сацыяльны пункт абсталявалі памяшканне ў будынку, дзе размяшчаецца амбулаторыя. Тут ёсць трэнажоры, абсталяванне, неабходнае наведвальнікам.
На ўрачыстым адкрыцці пункта прысутнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік Станіслаў Чымбург, старшыні раённага Савета дэпутатаў і Навасёлкаўскага сельскага Савета Юрый Кісялёў і Дзіяна Пякарская, іншыя ганаровыя госці. Вітаючы прысутных, кіраўнік раёна павіншаваў усіх з Днём маці і маючым адбыцца Днём бацькі.
— Летам вы, людзі шаноўнага ўзросту, занятыя на агародах, прыглядваеце за ўнукамі. А доўгімі зімовымі вечарамі ахвотна завітаеце сюды, сустрэнецеся з аднадумцамі, абмяркуеце надзённыя пытанні, — гаварыў Сяргей Чэпік. — Тыя, што найбольш хвалююць і патрабуюць нашага ўмяшання ў вырашэнні, спецыяліст сацыяльнага пункта перадасць у райвыканкам. Будзем ва ўсё ўнікаць і дапамагаць вам.
З нагоды Тыдня бацькоўскай любові Сяргей Чэпік уручыў Падзячныя пісьмы райвыканкама сем’ям, якія пражываюць на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета і з’яўляюцца прыкладам для іншых у плане сямейных адносін, выхавання дзяцей. Сярод узнагароджаных — сям’я Валіевых. Фікрат Адзіл-Аглы родам з Баку. У маладосці пазнаёміўся ў Маскве з дзяўчынай з Глыбоччыны, якая там вучылася. У 1979 годзе ажаніліся, а ў 1982-м пераехалі ў вядомы на той час калгас імя Суворава. Тут у Валіевых нарадзіліся дзве дачкі і сын. А сёння ў бабулі з дзядулем ёсць шасцёра ўнукаў і праўнучка.
— Я ні разу не пашкадаваў, што пакінуў сонечны Азербайджан і пасяліўся ў сінявокай Беларусі, — запэўніў Фікрат Адзіл-Аглы. — Тут так шмат робіцца для людзей! Прыкладам таму — наша гаспадарка.
— Гляджу на прысутных тут людзей і ўспамінаю, хто з вас на якім участку працаваў, — гаварыў Юрый Шымчык. — Адны падымаліся раненька і спяшаліся на ферму, другія апрацоўвалі на трактарах палі, сеялі і ўбіралі збажыну, нарыхтоўвалі кармы. Нехта працаваў у школе, магазіне, іншых установах. Вы атрымалі права на заслужаны адпачынак. А каб ён быў больш змястоўным і цікавым, пастараюцца работнікі сацыяльнай службы.
Сімвалічны ключ ад стацыянарнага сацыяльнага пункта Юрый Шымчык уручыў яго спецыялісту Вользе Адзінец. Пробашч лучайскай парафіі ксёндз Яўген Міхайлаў асвяціў памяшканне. Кіраўнік гуртка мастацкай самадзейнасці варапаеўскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Дзмітрый Кузьміч расцягнуў мяхі гармоніка, а ўдзельніцы вакальнай групы заспявалі вясёлыя песні. Мелодыі змянялі адна другую, кружыліся ў танцах пары, святочны настрой напоўніў сэрцы пажылых, і яны, здаецца, памаладзелі.
Анна Анішкевіч