Учитель географии СШ № 4 им. В.Ф. Фронтова Алёна Пашкевич не представляет себя в другой профессии

Главное Образование

Настаўнік геаграфіі пастаўскай СШ 4 імя В. Ф. Франтова Алёна Пашкевіч — адна з тых педагогаў, хто не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі. «Нягледзячы на ўсе складанасці настаўніцтва, ніводная іншая работа не дасць столькі станоўчых эмоцый і адрэналіну, — кажа яна. — Атрымліваю іх, калі бачу вочы дзяцей, якія загараюцца на ўроку, ад саміх зносін з вучнямі. У школе жыццё кіпіць, сумна не бывае ніколі».

Педагагічны стаж Алёны Валянцінаўны складае два дзесяцігоддзі. На работу ў школу яна прыйшла ў 2000-м дзякуючы свайму настаўніку Валерыю Каліцкаму, які змог захапіць геаграфіяй. Скончыўшы Белдзяржуніверсітэт, першыя крокі ў прафесіі рабіла ў роднай Дунілавіцкай СШ. А пасля нараджэння сына і пераезду ў Паставы ў 2008 годзе ўлілася ў калектыў 4-й гарадской школы, дзе змагла цалкам раскрыць свой талент педагога.

Імя Алёны Пашкевіч часта можна ўбачыць на старонках «ПК» у артыкулах пра ўдзел нашых вучняў у прадметных алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях школьнікаў. Працаваць з адоранымі дзецьмі настаўніца пачала яшчэ ў Дунілавічах. А актыўна занялася з імі даследчай дзейнасцю ў 2015 годзе, пасля ўдзелу ў праекце «Малыя рэкі — вялікія праблемы».

Учитель географии СШ № 4 им. В.Ф. Фронтова Алёна Пашкевич не представляет себя в другой профессии

— У школе існуе навуковае таварыства «Крыніца», якое ахоплівае дзяцей з 1-га па 11-ы клас, — расказвала педагог. — У нас шмат цікавых праектаў, і лічу, што даследчая дзейнасць дае магчымасць вучням максімальна раскрыцца. Яны набываюць вопыт не толькі даследавання, але і публічных выступленняў, афармлення работы, яе прадстаўлення на розных узроўнях. Гэта вельмі дапамагае падчас вучобы ў ВНУ, а таксама ў прафесійным самавызначэнні. Зараз нашы школьнікі адпраўляюцца на адукацыйную змену ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. І сярод іх ёсць тыя, хто едзе з праектам, напісаным пад маім кіраўніцтвам. Даследчая дзейнасць — стартавая пляцоўка для паступлення ў тэхнапарк.

Варта дадаць, што вучні Алёны Пашкевіч 5 разоў перамагалі ў абласным этапе навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў і двойчы — у рэспубліканскім. Дзякуючы гэтаму двое з іх сталі стыпендыятамі фонду Прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі. Настаўніца ўспамінае, як работа адной з яе вучаніц зрабіла фурор на «рэспубліцы». Дзяўчынка абараняла яе на трох мовах, і калі з рускай перайшла на беларускую, а затым на англійскую, у зале наступіла звонкая цішыня.

Што да прадметных алімпіяд, то тут выхаванцы Алёны Валянцінаўны рэгулярна заваёўва­юць дыпломы ў раённым этапе і ўдзельнічаюць у абласным. А ў мінулым навучальным годзе ўпершыню атрымалі дыплом і на «вобласці».

У працэсе падрыхтоўкі дзяцей настаўніца актыўна выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі, каб зрабіць яе больш эфектыўнай. У прыватнасці, стварыла клуб аматараў геаграфіі і групу ў адной з сацсетак, куды пастаянна скідвае вучням розную інфармацыю, заданні. Па яе словах, школьнікі намнога ахвотней робяць свае праекты, выконваюць тэсты ў тэлефоне, чым на паперы. А Алёна Валянцінаўна бачыць, колькі часу затраціў той ці іншы вучань на выкананне тэста і які вынік атрымаў.

Нестандартныя падыходы і формы работы прысутнічаюць і на ўроках.

— Калі праходзім з 8-класнікамі тэму «Унітарныя і федэратыўныя дзяржавы», прыношу на ўрок яблык і апельсін, каб наглядна паказаць вучням розніцу ў дзяржаўным ладзе, — прыводзіць прыклад настаўніца. — Тлумачу: яблык непадзельны ўнутры, як і ўнітарная дзяржава, апельсін складаецца з долек аналагічна будове федэратыўнай дзяржавы. Для лепшага засваення тэмы «Краіназнаўства» слухаем з вучнямі музыку розных краін, малюем іх вобразы, праводзім фестываль «Кухня народаў свету». Таксама прапаную дзецям зняць ролік ў ТікТок па вызначанай тэме і сабраць пэўную колькасць лайкаў і водзываў. За гэта можна атрымаць дадатковую адзнаку.

Паколькі ўрокаў геаграфіі ў праграме мала — усяго адна гадзіна на тыдзень, — Алёна Валянцінаўна стараецца максімальна выкарыстаць магчымасці шостага школьнага дня, даць дзецям новыя веды падчас паходаў з класам, праводзячы тэматычныя тыдні. Прызнаецца: рэалізоўваць ідэі лёгка, таму што ў СШ №4 імя В. Ф. Франтова вельмі добры педагагічны калектыў. Настаўнікі дапамага­юць у даследчай дзейнасці і іншых пачынаннях, ёсць падтрымка з боку адміністрацыі школы. Усё гэта спрыяе таму, што на работу жанчына ідзе з радасцю.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.