Для Тамары Аўсюк у пачатку кастрычніка тры асаблівыя дні: пажылых людзей, уласны дзень нараджэння і прафесійнае свята настаўнікаў.
Што да дня нараджэння, то сёлета ён юбілейны: 3 кастрычніка Тамары Васільеўне споўнілася 90. Наконт гэтага яна кажа:
— Бог дае жыццё ўсім, а старасць — не кожнаму. Мне пашчасціла трапіць у лік абраных.
Пашчасціла ёй і з прафесіяй. Змалку марыла стаць настаўніцай і стала ёй. Ужо тры дзесяцігоддзі мінулі, як выйшла на пенсію, але трэба было бачыць, як свяціліся вочы Тамары Васільеўны, калі яна ўзгадвала школьныя будні, пачынаючы са свайго дзяцінства. Сямігодку закончыла ў суседняй з роднай вёсцы Гуркі. А ў 8 клас у Шаркаўшчыну яе і аднакласнікаў не прынялі, бо не было месцаў. Накіравалі за 15 кіламетраў у Лужкі. Некалькі тыдняў правучыліся там і пайшлі ў райкам камсамола прасіцца ў Шаркаўшчынскую. У райкаме паабяцалі вырашыць пытанне. Але давялося два тыдні пачакаць, пакуль пераросткаў (а такіх пасля вайны хапала) не забяруць са школы ў армію.
Прафесія настаўніка была ў тыя гады вельмі прэстыжнай. Яе выбралі 7 з 25 Тамарыных аднакласнікаў. Тамару Васільеўну ў 1952 годзе пасля заканчэння Маладзечанскага настаўніцкага інстытута накіравалі на працу ў Варапаеўскую школу. Але яна імкнулася бліжэй да мамы, у свой раён і ў тую школу, якую заканчвала сама. Тым больш што там паабяцалі месца. Паехала нават нягледзячы на тое, што ёй не аддалі працоўную кніжку.
— Месца аказалася занятым, — успамінае настаўніца. — Давялося працаваць не ў Гурках, а за 15 кіламетраў, жыць на кватэры. Нібыта ў ссылку трапіла.
А на Варапаеўшчыне заставаўся закаханы ў яе хлопец. На працягу чатырох гадоў яны зрэдку сустракаліся з Францам, затое часта пісалі адно аднаму. Нарэшце вырашылі згуляць вяселле. Франц тады працаваў у рэдакцыі Дунілавіцкай раённай газеты, якая размяшчалася ў Варапаеве. У варапаеўскую школу вярнулася і Тамара. Калі раён расфарміравалі, Франц Аўсюк стаў інструктарам Пастаўскага райкама партыі, Тамара ўладкавалася ў СШ №2.
— У тыя гады ў класах было па 40-42 вучні, — расказвала яна. — Я выкладала матэматыку і была строгай, трымала дысцыпліну ў класах. Таму і матэрыял вучні засвойвалі добра. У настаўнікаў нагрузка заўсёды вялікая. У школу я прыходзіла ў 8 гадзін, дадому вярталася ў 16. Сёння нават не падняла б сумку з сшыткамі, якія прыносіла дадому правяраць. Сядзела над імі дапазна. Да кожнага ўрока трэба было пісаць планы, у школе весці гурткі, факультатывы, кіраваць класам, праводзіць палітінфармацыі.
— Дык ці заставаўся час на сваіх дзяцей? — пытаюся.
— Леначку і Іру не трэба было кантраляваць, — кажа маці. — Яны раслі разумніцамі. Акрамя агульнаадукацыйнай, абедзве займаліся ў музычнай школе. Аднак Лена выбрала прафесію медыка. Яна закончыла медінстытут і працавала ў Маладзечне ўрачом. На вялікі жаль, у 2019 годзе яе жыццё згасла дачасна. А праз год не стала і майго Франца Люцыянавіча. Цяжкія страты падкасілі мяне.
Ірына, як і маці, — настаўніца. Толькі не матэматыкі, а музыкі. Вучыць іграць на акардэоне навучэнцаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, кіруе дзіцячым узорным аркестрам баянаў і акардэонаў. У гэтай жа школе ўжо 10 гадоў настаўнічае і яе дачка Аня, таксама акардэаністка.
— Самае вялікае маё багацце — чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў, — дзялілася Тамара Васільеўна. — А на днях у нашым родзе павінна прыбавіцца яшчэ адно дзіцятка. Хіба гэта не радасць?!
Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, мне стала вядома, што дзяўчынка з’явілася на свет якраз у дзень юбілею прабабулі.
Безумоўна, радасным будзе для Тамары Васільеўны і заўтрашні дзень, калі ў краіне адзначаецца прафесійнае свята педагогаў. Ведаю, што да гэтага часу ўдзячныя вучні віншуюць з ім сваю любімую настаўніцу. А ў адукацыі яна адпрацавала чатыры дзесяцігоддзі.
Фаіна Касаткіна