Тяжелая, но любимая — так говорит о своей работе старший повар ресторана «Світанак» Ирина Горбуль

Общество

На выбар прафесіі паўплываў бацька. Менавіта ён быў галоўным кухарам у мнагадзетнай вясковай сям’і (нездарма ж падчас тэрміновай службы ў арміі ён з’яўляўся поварам).

— Мне вельмі падабаліся стравы, якія гатаваў тата, — узгадвае сваё дзяцінства Ірына. — Старалася яму дапамагаць. А пасля васьмігодкі паступіла ў пастаўскае СПТВ-165 вучыцца за повара-кандытара.

Навучальную ўстанову дзяў­чына скончыла ў 1991 годзе, і яе накіравалі ў сталовую калгаса імя Заслонава.

— Там я прайшла добрую школу, — расказвае жанчына. — Маладая, без вопыту, а працы — цераз край. У сталовай кармілі не толькі калгасных механізатараў, але і студатрадаўцаў, салдат, якія працавалі ў гаспадарцы на будоўлі і ўборцы ўра­джаю. Кожны дзень амаль на 100 чалавек гатавалі стравы. Мне дапамагалі студэнткі, і ўсё ў нас добра атрымлівалася.

Тяжелая, но любимая — так говорит о своей работе старший повар ресторана «Світанак» Ирина Горбуль

У вёсцы Ірына затрымалася толькі на два гады, бо выйшла замуж у Паставы. Вакансій повара ў райцэнтры на той час не было. Тым не менш яна засталася ў сістэме грамадскага харчавання. Не грэбавала пайсці тэхнічкай, гардэробшчыцай, на камбінаце кааператыўнай прамысловасці выпякала піражкі, чабурэкі, вырабляла макарону. Двойчы была ў дэкрэтным водпуску. (Сёння абодва яе сыны жывуць і працуюць у Гродне.)

Але ў прафесію маладая жан­чына вярнулася. Шмат гадоў адпрацавала ў сталовых гарадскіх школ. А ў 2019-м ёй прапанавалі работу ў рэстаране.

— Вельмі баялася пераходзіць у «Світанак», — прызнаецца. — Думала, што не спраўлюся. Але мне пашанцавала: трапіла ў дружны калектыў. Мне шмат дапамаглі на першым часе і дапамагаюць сёння. Вопытныя, ініцыятыўныя, спагадныя бармэны — Ірына Дзехцяронак і Марына Бурак. Пасля заканчэння каледжа да нас прыйшла поварам працаўніца і разумніца Ліза Гінько. Не перастаю хва­ліць афіцыянтак Алесю Шаколу і Машу Кузняцову. Кожную хвіліну любую дапамогу гатовы аказаць Валера Даўгяла. Асобна хачу сказаць пра начальніка аддзела грамадскага харчавання Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства Крысціну Красоўскую. Яна не толькі ўмела накіроўвае нашу работу, але і непасрэдна дапамагае ў ёй. Старонняму чалавеку нават немагчыма ўявіць, колькі сіл прыкладваем мы ўсе разам, калі гатуем стравы і сервіруем сталы падчас масавых мерапрыемстваў, якія праходзяць у Паставах, або выязджаем са сваёй кухняй у іншыя гарады.

Калі большасць людзей з задавальненнем адпачывае ў святочныя дні, то для работнікаў рэстарана яны найбольш напружаныя. Пастаўчане любяць адзначаць у «Світанку» агульныя і асабістыя святы. Тут сталуюцца ўдзельнікі розных абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нашым горадзе. Ды і ў будныя дні абедзенная зала не пустуе, карыстаюцца попытам комплексныя абеды.

— Праца повара цяжкая яшчэ і тым, што ты ўвесь час на нагах, — гаварыла Ірына Станіславаўна. — А якая вялікая адказнасць за тое, каб стравы былі якаснымі! Трэба дакладна ведаць рэцэптуры, тэхналогіі прыгатавання, тэрміны і ўмовы захоўвання прадуктаў і страў, кантраляваць санітарна-гігіенічны стан кухні.

На кухні я і планавала сфатаграфаваць повара. Не ўдалося, бо яна знаходзіцца ў чарговым водпуску і цалкам занятая дамашнімі справамі. Але пакуль мы з ёй размаўлялі, двойчы званілі са «Світанка» — удакладнялі нейкія пытанні. Ірына Станіславаўна дакладна ўсё тлумачыла. А мне падумалася: «На тое яна і старшы повар, каб ведаць усё, што датычыць кухні».

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.