У краіне праходзіць традыцыйная дабрачынная акцыя Беларускага Чырвонага Крыжа «Ваша дапамога». Яна прадоўжыцца па 15 лістапада.
Падчас візітаў да людзей пажылога ўзросту, адзінокіх, інвалідаў валанцёры ўбіраюць ля іх дамоў апалае лісце, перакопваюць агароды, наводзяць парадак у жыллі, гутараць на розныя тэмы.
Восень — час запасацца нарыхтоўкамі на зіму. Многія нераўнадушныя дзеляцца з іншымі людзьмі багатым ураджаем морквы, буракоў, бульбы, капусты. Некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі выдзялююць сваім ветэранам матэрыяльную дапамогу на набыццё агародніны.
У раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа ёсць такія падапечныя, якія будуць рады прадуктам харчавання, прадметам гігіены.
— У наш няпросты час вельмі важна падтрымліваць уразлівыя катэгорыі людзей: з інваліднасцю, адзінокіх, малазабяспечаных, — упэўненая старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава. — Часта здараецца, што такія грамадзяне застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі і адзінотай. І мы працягваем ім руку дапамогі, імкнёмся падтрымаць у цяжкай жыццёвай сітуацыі, у якой яны апынуліся.
Калі хто з вас жадае прыняць удзел у акцыі, звяртайцеся да Таццяны Шахавай. Яе кабінет размешчаны на першым паверсе райвыканкама. Або тэлефануйце на мабільны 8(033) 645-07-58. Падзяліцеся цяплом свайго сэрца з тымі, каму патрэбныя ўвага і клопат!
Анна Анішкевіч