Роботизированный комплекс для восстановления мелкой моторики рук появился в «Ветразе»

Главное Здравоохранение

Два з паловай месяцы назад у АДРАЦ «Ветразь» адкрыўся кабінет рабатызаванай рэабілітацыі для лячэння пацыентаў з парушэннямі руху. Гэта стала магчымым дзякуючы Міжнароднаму дабрачыннаму фонду дапамогі дзецям «Шанц». Рэалізуючы праграму «Радасць руху», падпісаную у рамках пагаднення аб супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, ён дапамог установе набыць дарагое абсталяванне для работы з буйнымі суставамі рук і ног. А на днях кабінет папоўніўся яшчэ адным апаратам — па развіцці дробнай маторыкі.

Як і папярэднія, новы апарат коштам 130 тысяч еўра набыты за сродкі ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» — пастаяннага генеральнага партнёра фонду «Шанц». Сёння ён не мае аналагаў у плане развіцця дробнай маторыкі. Займаючыся рэабілітацыяй дзяцей з неўралагічнымі і артапедычнымі парушэннямі, спецыялісты цэнтра ўдзяляюць вялікую ўвагу павышэнню рухальнай здольнасці не толькі ног і рук у цэлым, але і пальцаў кісці ў прыватнасці. І тут вельмі важна сфарміраваць захоп, каб дзіця навучылася браць і перамяшчаць розныя прадметы, а ў далейшым магло сябе абслугоўваць. Тыя механічныя ўстройствы, якія маюцца ў «Ветразі», не разлічаны на работу з вялікім пальцам рукі — а між тым ён адыгрывае вялікую ролю ў любым захопе. У адрозненне ад іх рабатызаваны Amadeo працуе з усімі пальцамі кісці.

 

— Апарат цудоўны тым, што ён можа працаваць у тэставым рэжыме, калі вызначаецца спастыка, дыягнастуецца моц пальцаў, амплітуда руху ў іх, — расказваў пра навінку галоўны ўрач абласнога дзіцячага рэабілітацыйнага аздараўленчага цэнтра Сяргей Петухоў. — Далей складаецца праграма работы з пальцамі — з усімі адначасова ці з кожным паасобку. Ёсць і зваротная біялагічная сувязь: інструктар можа кантраляваць работу, якую выконвае дзіця. Спачатку ўключаецца пасіўны рэжым, калі сам пацыент не ўдзельнічае ў распрацоўцы пальцаў, за яго працуе праграма. Потым ідзе пасіўна-актыўны рэжым, пры якім пачынае працаваць пацыент за кошт моцы сваіх пальцаў, і паступова ён пераходзіць да актыўнага рэжыму работы. Немалаважна, што інтэлектуальны складнік апарата адаптаваны да дзіцячых інтарэсаў — мае гульнявыя праграмы. Яны нацэленыя на тое, каб у дзіцяці была матывацыя не проста манатонна рухаць пальцамі.

Адной з першых пратэсціраваць Amadeo змагла 17-гадовая Насця Ажыркова з Полацка. Дзяўчынка, хворая на дзіцячы цэрэбральны параліч, не першы раз у «Ветразі». Некалькі месяцаў назад была тут па праграме фонду «Шанц», які не толькі набывае абсталяванне для такіх цэнтраў, але і аплачвае рэабілітацыю дзяцей. Пасля таго разу рухальная актыўнасць дзяўчынкі значна палепшылася, і, каб замацаваць эфект, яе ўключылі ў праграму работы на новым апараце па развіцці дробнай маторыкі.

— Я вельмі рада, што наша супрацоўніцтва працягваецца не адзін год, яно вельмі плённае і эфектыўнае перш за ўсё для беларускіх дзяцей, — гаварыла, перадаючы апарат, дырэктар фонду «Шанц» Наталля Маханько. — Галоўная ідэя стварэння праграмы «Радасць руху» была ў тым, каб дзеці з неўралагічнымі захворваннямі атрымалі магчымасць праходзіць рэабілітацыю не за мяжой, а ў Беларусі. «Ветразь» — адзін з цэнтраў, кіраўніцтва і калектыў якога заматываваныя на тое, каб даваць дзецям усё самае лепшае. Мы атрымліваем цудоўныя водзывы пра яго і ад бацькоў, і ад саміх дзяцей. Абсталяванне Amadeo апошняе, якое наш фонд змог набыць для вашага цэнтра ў рамках праграмы і дзякуючы гэтаму забяспечыць комплексны падыход да рэабілітацыі дзяцей. Заўважу, што ўсё набытае абсталяванне навацыйнае, створанае па найноўшых тэхналогіях, і дзецям цікава на ім працаваць.

Штогод медыцынскую рэабілітацыю ў АДРАЦ «Ветразь» праходзяць каля 1 600 дзяцей з Віцебскай вобласці і прыкладна 1 300 маленькіх жыхароў іншых рэгіёнаў Беларусі, якія атрымліваюць лячэнне па дзяржаўных аздараўленчых праграмах. Клопат пра юных беларусаў — адна з найважнейшых задач палітыкі нашай краіны, адзначыла начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай дапамогі жыхарам Віцебскай вобласці галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Алена Цішына. Яна падзякавала Наталлі Маханько за ўклад у супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі структурамі і дабрачыннымі фондамі.

Словы ўдзячнасці шаноўнай госці і ўсім работнікам фонду «Шанц», а таксама калектыву «Ветразя» і яго кіраўніку Сяргею Петухову выказаў і старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік. Ён заўважыў: «Тое, што вы робіце, немагчыма вымераць грашыма. Вы сапраўды даяце дзецям шанц — на аднаўленне і вяртанне да паўнавартаснага жыцця. Хочацца, каб супрацоўніцтва фонду з «Ветразем» прадоўжылася».

Як адзначыла пазней Наталля Маханько, яна не выключае гэтага.

Алена Шапавалава
Фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.