Пастаўчанка Кацярына Шляга заняла 2-е месца ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства прадаўцоў спажыўкааперацыі.
Яго арганізатарамі выступілі Віцебская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі і абласное спажывецкае таварыства. Конкурс праводзіўся ў мінулым месяцы ў Сянно.
10 найлепшых прадаўцоў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны дэманстравалі сваё ўменне ў выкладцы тавараў, абслугоўванні пакупнікоў, веданні правілаў гандлю. А першым заданнем была «Візітная картка», у якой канкурсанткам трэба было расказаць пра тое, чаму выбралі прафесію прадаўца і як ім працуецца. Кацярына Шляга зрабіла гэта асабліва творча — вершаванымі радкамі. Падчас дзелавой гульні яна ўпэўнена адказала на пытанні членаў журы, паспяхова прайшла тэсціраванне па прававых нормах у гандлі, санітарна-эпідэміялагічных патрабаваннях, правах спажыўцоў, выдатна справілася з выкладкай тавараў.
І ўсё ж па агульнай суме набраных ачкоў пастаўчанка крыху саступіла прадстаўніцы Сянно. У выніку заняла 2-е месца. Тым не менш разам з пераможцай будзе прадстаўляць Віцебскую вобласць у рэспубліканскім конкурсе, які адбудзецца напрыканцы кастрычніка. Пажадаем ёй поспехаў.
Застаецца дадаць, што Кацярына Шляга працуе ў сістэме спажыўкааперацыі 18 гадоў, з іх 5 апошніх — прадаўцом аўтамагазіна. Да сваіх абавязкаў адносіцца з выключнай адказнасцю, неаднаразова заахвочвалася граматамі і прэміямі.
Фаіна Касаткіна